12.05.2016

паэзія, вершы, беларуская мова

1.

Прачынаемся раніцай а шостай
пасьля недаспанай знэрваванай ночы
і кіруемся на іспыт
на тутэйшы факультэт сямі паднявольных мастацтваў
што ўзвышаецца пад аховай муроў як барочны замак
нібыта казачны
але ў сапраўднасьці астрожны
зьнешне падобны да амбасады
краіны зь няўдалай назваю Вечнасьць
а зьсярэдзіны – крыху да банку
дзе працавала мая матуля

цэлых дзевяць месяцаў мы рыхтаваліся да іспыту
і цяпер адчуваем, што ня ведаем абсалютна нічога
не валодаем тэмай
не валодаем сабой
нешта іншае валодае намі

цэлых дзевяць месяцаў падрыхтоўкі
і ўсё дарэмна
нас хутчэй за ўсё вытураць з ганьбай
давучваць абрыдлыя пытаньні білету
пагоняць на пераздачу

толькі ня гэта
нам пляваць, якую нам паставяць адзнаку
дый ці мала якія мы ўжо здавалі іспыты
мы хочам аднаго каб выкладчыкі
паставіліся да нас па-чалавечы
і зразумелі, ад якога мноства
тыповай для яшчэ не старых людзей забавы
мы былі вымушаныя адмовіцца
дзеля таго, каб сюды
патрапіць

таму без атэстацыі
мы ня сыдзем

2.

Нас зачыняюць у нейкім гатэлі
мы бачым, што нумар досыць падобны да таго
у якім усё дзевяць месяцаў таму пачалося
дзе б ён быў ні знаходзіўся
у Зальцбургу, Магдэбургу ці Мэцы
мы ўжо нават адчыняем вакно
на нейкі й напраўду ня добра знаёмы нам горад
пачынаем распакоўваць рэчы
як тут нам прыходзяць паведаміць
што мы затрыманыя
няхай пад хатнім, але арыштам
апісваюць нашыя пашпарты
кажуць, што выходзіць можна толькі
ў суправаджэньні аховы

у нас тут жа канфіскуюць імёны
й пачынаюць называць паводле нашае функцыі
адрозьніваючы выключна паводле полу
і мы з гэтым зь дзіўнай для нас саміх лёгкасьцю
пагаджаемся

напрыклад, я цяпер
усяго толькі нейкі стралец
што шпурнуў у неба жменю шроту
якя ў часе лёту нібыта зробіцца шматтонным снарадам
што даб'е да самага дваццаць другога стагодзьдзя

гэтак нам кажуць
але ўсё гэта яшчэ надта далёка
цяпер мы за зачыненымі дзьвярыма
ў чаканьні нейкага Гадо
дзьве пчолкі зьмешчаныя ў асобную паддосьледную ячэйку
ў чаканьні трэцяй

раптам я разумею
што гэта не гатэльны нумар
а камэра катаваньня
куды мяне запрасілі ў якасьці рэпарцёра
сьведкі жудасьцяў, што там павінны адбыцца
ці мо нават складальніка пратаколу
мне гнюсна, я адчуваю сябе калябарантам
чыёй згоды на ўсё гэта нават не спыталіся
бо не сумняваліся ў маёй ахвоце быць асыстэнтам катаў
і сапраўды ўва мне ёсьць нешта калі не ад садыста
то ад Сада
зь ягонаю вераю ў тое
што жорсткая прырода
ведае, што робіць

3.

Па даўжэзным каменным калідоры
падземным ходзе
у замак
імчаць конныя людзі
зь нейкаю весткай
імчаць так хутка, што хочацца ўцячы
якім бы ні было іхнае паведамленьне

у цябе раптоўна ўсяляецца нейкі дух
тваё цела перадае ад яго
нейкія шыфраваныя лічбавыя паведамленьні
прыборы шалеюць
як у фільме жахаў
цябе працінае сутарга за сутаргай
ты застаесься сама сабой толькі ў перапынках
калі амаль траціш прытомнасьць

я трымаю цябе за руку і згадваю
што колькі разоў прысутнічаў пры нараджэньні
нейкага падобнага духу
ў целах менскіх мужчынскіх сяброў

дух відавочна магутны й старажытны
яму ня могуць даць рады найлепшыя экзарцысты
толькі ты сама дасі яму рады
дзеля гэтага ты павінна зь ім
як мага болей атаясаміцца
стаць ім
да самага канца
да амаль невыноснага ўжо болю
й тады ты яго пераможаш
ён выйдзе зь цябе, цалкам
высмактаўшы цябе
й пераселіцца
ў новае
зусім новае
ніколі яшчэ ня бачанае ў сьвеце
цела

4.

Тонкія фужэры-сьвечкі ў люстры
зьбягаюцца ў цэнтар
і з разгону чаркаюцца ўсе разам
сьвятло пераліваецца цераз край
за вокнамі раптам выбухае
найпрыгажэйшы фэервэрк які я калі бачыў
па-над найпрыгажэйшым горадам сьвету
створаным намі для цябе
а пад ім у водах ракі яшчэ адзін, люстраны
амаль сымэтрычны
як выбух радасьці ў абедзьвюх паўкулях мозгу
цэлых пяць хвілін ён цешыць сабой аб'ектыў
замаўкае
й пасьля яго ў падсьвечаным небе застаюцца толькі
танюткія шызыя зьмейкі дыму
паўсюдныя як сіняватыя жылкі
на малаком налітых грудзях

5.

Апоўначы выходжу на цыгарэту
сьвяткаваньні сьціхлі
заімжэла

бедны малы вожык, што нарадзіўся недзе ў нары
шукае ў мокрай траве чаго пад'есьці
павучок спрабуе абжыць мэтал
прывязаць яго да сябе сьлінаю замест ласкі
раптам ясна, што ўсе яны, гаротныя –
для чалавека
і толькі чалавек створаны для сябе,
а на жаль не для іх,
і магчыма наагул не для сьвету
а толькі для іншых людзей

Прыгадваю, што васямнаццаць гадоў таму
нібыта ўчора
я гэтак жа хадзіў і курыў як начны вартаўнік
вакол будынку ўцякацкага лягеру
а цяпер вось хаджу вакол будынку раддому
й вартую сваіх жанчын
замест колішніх мрояў
ляндскнэхт, за невядома якія подзьвігі
прыняты на сталую службу
зрэшты, гэтак тут служаць
многія мае былыя суайчыньніцы
мыюць падлогі мяняюць бялізну кашы для сьмецьця
але толькі я служу добраахвотна
магчыма, гэта ня так і мала

калі б яшчэ свабода сапраўды была
ўсьвядомленай неабходнасьцю
я мог бы адчуваць сябе цалкам свабодны
замест гэтага я адчуваю адказнасьць
за гэты горад, за гэты сьвет
створаныя намі для цябе
як ужо бывае зь першага разу, ня так удала
як мы б хацелі
нам хацелася б стварыць твой сьвет лепшым
але іншага на жаль хутчэй за ўсё ўжо ня будзе
таму давядзецца адказваць перад табою за гэты

я чую, як на трэцім паверсе крычыць дзіця
а ўнізе
вялізныя драўляныя дзьверы несуцешна выюць
як духі жанчын, што памерлі пры родах

12-13.05.2016

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Цёмныя часы Dark Ages
гучыць як назва кампутарнай гульні ці сэрыялу

дзе нехта змарнаваў цэлае жыцьцё на пакрыёмае змаганьне з драконам
а нехта ахвяраваў у гэтым змаганьні жыцьцё адразу
пайшоў ва-банк і прайграў спадзеючыся што выйграюць іншыя

Пераклад:
Макс Шчур

Так, дасягнуўшы росквіту, у прах
імпэрыі сыходзяць пачаргова,
бо прадчуваюць: іхны ўзьнёслы гмах
ня ёсьць, на жаль, увасабленьнем Слова.

Пераклад:
Макс Шчур

От, нішто сабе ўмалот!
Мне хапае ўзнагарод!
Вунь, шэсьць штук ужо й на сьпіне —
Я як елка ў Новы год!

Сунімаць чарговы раз
Шчыры гнеў народных мас
Для мяне няма карысьці:
Сам за зло трымай адказ!..

Недарэка зь недарэкаў — а як закукарэкаў! Злуецца цар, — ды паспрабуй, удар! Іншы стаў час, не даруюць абраз! Выйшаў цар з палаца, воўкам зірк — а на пляцы ўся чыста краіна пасьпела сабрацца!

Пераклад:
Макс Шчур

«Чарапаха! Ці
даўно ўжо неба копціш?»,
пытае вулкан.