Ад імя кукалкі

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

ПОСЬПЕХ

Найболей посьпех цэніцца
ў няпосьпеху ахвяр.
Патрэбная нішчымніца,
каб смакаваў нэктар.

Ніхто з барвовых тысячаў,
што сёньня сьцяг узносяць,
дакладна б так ня вызначыў,
чым перамога ёсьць,

як здужаны, канаючы,
калі скрозь бітвы шум
трыюмфу сьпеў у далечы
гучыць яму ўвушшу.

*
Ура! Сканала бура!
Дамоў чацьвёра йдуць,
а сорак паглынула
глыбіняў каламуць.

Падзякуйма званамі
за душы чацьвярых!
Па плыткім валакуцца
сусед, сябрук, жаніх.

...Зіма грукоча ў дзьверы,
аповед ён вядзе,
перарываюць дзеці:
«А тыя сорак дзе?»

Камячыцца аповед,
пагляд іскрыць сьлязой,
і больш няма пытаньняў,
і б'е ў адказ прыбой.

*
Калі хоць некаму спатолю
змагу знайсьці сама,
хоць сэрца вызвалю ад болю –
не пражыву дарма.
Калі хоць кволага дразда
змагу данесьці да гнязда –
не пражыву дарма.

АМАЛЬ!

Рукой падаць! Магла б крануць,
калі б тудой пайшла!
Праехаў крокам празь сяло
і зьехаў прэч зь сяла.

Так братак прагнула рука,
нябачных у траве,
нарваць гадзінаю раней,
а зараз не нарве.

У БІБЛІЯТЭЦЫ

Сустрэць стары, грувасткі том, –
вось рэдкі прывілей! – 
у дзіўных строях ён, што ўкол
насілі ўсе раней;

жыцьцём сагрэць, у рукі ўзяць
старэчую далонь,
вярнуцца разам на абзац
ці два – у маладосьць,

яго апініі спытаць
наконт антычных кніг
і іхных аўтараў, што нас
цікавяць абаіх,

што турбавала мудрацоў
зь непрымірымых школ,
калі меў рацыю Плятон
і целам быў Сафокл,

калі Сапфо была дзяўчом,
калі абагаўляў
натхнёны Дантэ любай строй...
З чужыны госьць маўляў

у горад завітаў сказаць,
сустрэўшыся з табой,
што мроі ўсе твае – ня сон:
ён быў у кузьні мрой.

Яго ты просіш: любы цень,
пабудзь яшчэ са мной! –
Адмоўна жорсткія тамы
затрэплюць сівізной.

*
У шале – боскай іскры бляск
для ўдумлівых вачэй;
у розуме ж – сапраўдны шал.
Але ж тут большасьць рэй
вядзе, як, зрэшты, і паўсюль.
Ты згодны – значыць зух,
а не – то небясьпечны ты
і трапіш на ланцуг.

ВЫКЛЮЧНАСЬЦЬ

Душа сама сабе знайшла кампанію
й дзьвярыма бразь –
у дом, дзе яна паняю,
ніхто ня ўлазь.

Рыдван прыехаў – тая нават
не зварухнецца,
хай кленчыць хоць сам імпэратар
ёй на каберцы.

Яе абраньнік з цэлай нацыі –
адзін,
як камень, брама зачыняецца
за ім.

*
Змагацца ўголас – хораша,
ды больш шляхотны той,
хто на няшчасьцяў коньніцу
ў душы ідзе вайной.

Чыіх ні страт, ні перамог
нам не відаць, чыім
сыходам не расчуліцца
ніводная з радзім.

Мы верым, прыйдзе па такіх
анёлаў ладны сонм:
нага ў нагу, за шыхтам шыхт,
сьнег белых уніформ.

*
Нянавісьць, ворагаў займець
мне не было калі:
жыцьцю адмераныя час
і месца не далі –

ані любові, хоць калісь
лічыла, што між прац
адно любоўнай катарзе
здалею рады даць.

МОЙ

Мой, цэлы ў белым – нарэшце! Правам
царскай пячаткі – мой!
Мой, таўром кляймёны крывавым,
выпаленым турмой!

Мой, прывілеем трызьнівым дадзены,
клятвай перад труной
сьцьверджаны, мой, толькі мой – хай скрадзены
сьмерцю ў мяне самой!

НАПРУЖАНЬНЕ

Багі – ня дзесь, а побач, тут,
за сьценкай твайго дома,
дзе лёс выносіць свой прысуд
камусьці дарагому.

Якая ж вытрымка ў душы –
пачуць у цішы скрушнай
пасьпешны крок, дзьвярэй рывок –
і не зшалець, пачуўшы.

*
Калі б ты ўвосень меў прыйсьці,
я б лета прэч зьмяла
з напаўпагардай, паўсьмяшком,
як муху са стала.

Калі б сказаў: «Прыду праз год»,
я б месяцы ў клубкі
зматала й па шуфлядах іх
схавала ўпотайкі.

Калі стагодзьдзі мне чакаць –
што ж, адымацьму іх
на пальцах – хай адымуцца,
з рук упадуць маіх.

Калі ў супольнае жыцьцё
шлях толькі праз труну –
адкіну сьвет нібы лузгу
і вечнасьці глыну.

Але ж бязь веданьня, калі,
час мучае мяне,
як бзынкат прывіднай пчалы,
што ўсё ніяк ня джгне.

ВУСЬЦЕ

Рака да цябе імкне:
ці прымеш, мора, мяне?

Чакаю адказу, мора –
не пазірай, як хмара!

Нясу табе ручаі
зь лясное далечыні.

Дар – твой,
цар вод.

ХРОСТ КАХАНЬНЕМ

Мяне здалі, як крэпасьць, я
вяртаю вашае імя,
што ў твар з вадой лінулі мне,
прынесшы ў сьціплы храм –
да лялек пакладзіце ў схоў,
дзе пацеркі сьпяць шмат гадоў,
я больш ня лялька вам.

Тады быў паднявольны хрост,
цяпер – хрышчуся ў поўны рост;
не маладзік былы,
а поўня зьзяе ўсё ярчэй:
жыцьця напоўніўся каўчэг
адным вянком малым.

Тады, на бацькавых руках,
крычала голасам крука –
было не да карон;
цяпер я пані над сабой,
любым быць можа выбар мой:
я абіраю трон.

*
Са мной ня нудзіцца пчала,
сябруюць матылі;
мяне з сардэчнасьцю ў сям'ю
лясную прынялі.

Іду – гучнее сьмех крыніц,
вітае вецярок.
Дык дзе ў падобны летні дзень
твой срэбны вэлюм, зрок?

ТРАВА

Як мала клопату ў травы!
Ідзі памалу ў рост,
гадуй прыўкрасных матылёў
і пчол сабе разводзь.

Праменьне сонца з вышыні
зьбірай сабе ў падол,
за мод павевамі сачы,
ківай усім наўкол.

З расінак пацеркі ніжы
ды шыю ўсю абвесь,
каб герцагіні побач
глядзеліся як плебс.

І пасьля сьмерці – пахні так,
каб пах за сэрца браў –
як пахне амулет з сасны,
вянок сухіх прыпраў.

У пуні паняю ляжыш 
ды сны сабе вярзеш...
Так мала клопату ў травы –
хачу быць сенам лепш!

*
Бальшак праклаў не чалавек,
што мае людзкі зрок –
па ім праехала б пчала
ці з возам матылёк.

Ня ведаю, ці ў гарадок
імчаць яны, ці не – 
шкадую толькі, што з сабой
не забяруць мяне.

МОРА ЗАХАДУ

Край наш – край заходняга сонца,
Жоўтым морам абмыты край;
скуль тое мора, куды імкнецца –
Захад ня скажа, і не пытай.

Кожны вечар прыбою чырвань
зь ветразямі нам вязе апал;
цень гандляроў прамільгне ў вышынях –
“Узьняць катвігі!” – і прэч прапаў.

АМЕЖНІК

Дзе сьнег дарэшты не растаў –
амежнік вырас там;
ён слынны сьціпласьцю сваёй,
знаёмаю і нам,

яна змушае нас шукаць
лясоў, палёў пустых:
яна – галечы й шэрані,
Ляпляндыі інстынкт.

Ён ад прыроды – зімалюб:
віхуры дзікі ўкус 
яму – нарвэскае віно,
найбольшая з спакус.

Ён не для выкшталцоных рас –
на Доне ж, на Дняпры
над дзецьмі й волатамі ўсьцяж –
амежніку шатры.

*
Адзін абрад чакае ўсіх,
адзін выключны дзень,
калі карону й мантыю
папросяць нас надзець.

Рыдван гарантаваны,
сядзіба, слуг гурма,
і нас праводзіць звонам
у шлях Царква сама.

Як шмат навокал шляхты!
Як граюць – ад душы!
Як паслухмяна здыме
народ капелюшы!

Вось будзе княскі гонар,
калі і я, і вы
прад’явім герб свой сьціплы
й на сьмерць свае правы!

АД ІМЯ КУКАЛКІ

Мой кокан цесны, колер – гнюс,
няма чым дыхаць, жах!
Я так ні разу не ўзьлячу
з-за гэтых апранах!

Я ж матылёк, мой лёс – палёт
над хвалямі травы,
па чыстым небе ўшыр і ўдоўж –
манаршыя правы!

Таму я мушу спрабаваць,
гадаць і так, і сяк
у паняверцы, ці падасьць
аднойчы неба знак.

РЭАЛІЗМ

Люблю перадсьмяротны стан
за шчырасьць, праўду мук;
падчас апошняй сутаргі
не вырабляюць штук.

Сьмерць – уваччу раптоўны бляск,
яго не падрабіць.
З халодных кропляў на ілбе
нацягнутая ніць.

*
Для ўсіх нішто, апроч нябёс;
раз-пораз мо анёл
яе заўважыць у траве
альбо якая з пчол;

правінцыялкай безь вятроў
была б, без матылёў –
нябачнай кропляю расы
ў бязьмежнасьці палёў.

Як папялушка між сясьцёр,
нікчэмны пустацьвет,
але ж сарвеш – і зьнікне твар,
што домам робіць сьвет.

УЦЁКІ

«Уцёкі» варта мне пачуць,
каб пачасьціўся пульс, і я
ўжо ў думках уцякаю прэч,
уся – рывок, канвульсія.

Ня чула шчэ, што ўжо турму
руйнуюць ненавісную,
а краты на сваім акне,
нібы дзіця, расхістваю.

ВІДОВІШЧА

Цырк – ён не цыркачы,
а гледачы.
У ім мае сябры –
хутчэй зьвяры.
Во ўдача! –
зьвяры зьвяроў пабачаць.

*
Перамога прыходзіць позна,
яе падносяць да сініх вуснаў,
занадта зьмерзлых,
каб выпіць.
А як бы дагэтуль ім смакавала
прынамсі кропля!
Няўжо Бог такі ашчадны?
Ягоны стол накрыты, ды для нас завысокі,
нам давялося б есьці на дыбачках.
Такім малым ртам дастаткова крошак,
як шпакам – вішань;
яны ўдушыліся б
багатым сьняданкам арла.
Вось вераб’ям Бог трымае слова,
бо яны ўмеюць прагнуць
невялікай любові!

СТРОІ МАЁЙ КРАІНЫ

Нашто маёй краіне новы строй?
Хіба пасьпеў той першы састарэць,
які яшчэ пад Лэксінгтанам ёй
на меру сшыў кравец?

Брытанія ня любіць нашых зор,
за сьпінай абгаворваючы іх –
у зорках штось такое, мабыць, ёсьць,
што дражніць ейны штых.

ДВУБОЙ

Сабрала сілу я ў кулак –
сьвет клічу на двубой!
Давід дужэйшы быў, аднак
дух баявейшы мой.

Са сьвістам камень паляцеў –
ды ўпала толькі я.
Мо, трапіўся занадта мне
высокі Галіяф?

*
Жабраку кажы з аглядкай
пра багацьці Патасі,
а галоднаму – пра тое,
што ты п'еш і што ясі.

Не кажы ніколі вязьню,
што ня кожны ў кайданах:
у турме атрутны надта
можа быць свабоды пах.

УРОК ЧАСУ

На ворага ўзяў час бізун –
як лепш ужо адпомсьціш?
Нянавісьць з часам траціць смак;
каб пакараць кагосьці –

адпомсьці зараз, покуль кус
твой ласы – не прапашчы.
Накорміш гнеў – і ён памрэ,
бо гнеў таўсьцее нашча.

ГОЛАД

Я галадала ўсё жыцьцё;
як век гукнуў “абед!”,
я стол падсунула хутчэй
багаты да сябе.

Калі б ня ён зь яго віном,
ня стала б я пазьней
глядзець – галодная, адна –
у вокны да людзей.

Я ведаю, што белы хлеб
смачнейшы ад драбкоў,
што мы ў Прыродзе з птушкамі
дзялілі талакой.

Дастатак позьні мне прынёс
няёмкасьць, скруху, зьдзіў,
бы хтосьці горны куст – мяне, –
уніз перасадзіў.

І не хацелася прысмак,
бо голад здольны чуць
той, хто зайздросьціць пад вакном –
ня тыя, што ядуць.

ВЯРТАНЬНЕ

Баюся ў дом зайсьці,
дзе не была даўно,
тут раптам незнаёмы твар
зьявіўся перад мной:

глядзіць – пагляд пусты,
маўляў, тут вам чаго?
Чаго? Дзесь тут маё жыцьцё –
ня бачылі яго?

Нэрвуюся крыху
пад зрокам шыб старых,
і цішыня, нібы прыбой
аб бераг, б'е аб слых.

Сьмяюся: не знайсьці
другіх дзьвярэй такіх –
ня войкнулі, як труны вон
выносілі празь іх.

На клямку ледзь руку
ўзьняла, а дзьверы – бразь,
і самі, каб прагнаць мяне,
захлопнуліся ўраз.

Я адняла руку,
нібыта ўсю са шкла,
закрыла твар і прэч адтуль,
як злодзей, уцякла.

Эмілі Дыкінсан на «Прайдзісьвеце»: http://prajdzisvet.org/kit/52-moj-list-da-svietu.html

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Сяргей Прылуцкі, Макс Шчур

Побач з рыбамі хачу крычаць,
жаночыя прынады,
якімі мне распаролі жывот
ад шчэлепаў да хваста.

Пераклад:
Макс Шчур

«Калі я быў Прывід зусім малады,
хлапчук зь мяне ўдаўся зухвалы!
Усе на слупах мы сядзелі тады,
нам лусьцікі з маслам да чаю заўжды —
хоць сьвята, хоць ноч — падавалі».

Пераклад:
Макс Шчур

У адной праскай мясной краме
на рагу дзьвюх вуліц Старога Места
рэзьнік аднаго дня забіў
шырокай крывавай сякерай цурбан
потым надзеў парасячую галаву зь вітрыны
замкнуў краму
і з голасным рохканьнем
зьнік у кірунку Голэшавіц

Пераклад:
Макс Шчур

Зноў ты нешта не ў сабе!
Вунь і ваўка на губе!
Ой, змарнуеш ты здароўе
Ў палітычнай барацьбе!..

Пакаштуй заечы гной —
Во дзе сродак, брат ты мой!
Мёд яго пераўзыходзіць,
Мабыць, толькі смакатой!

Праўда, горла ён дзярэ,
Хто-ніхто зь яго і мрэ,
Але хто ператрывае —
Тых і старасьць не бярэ!..