Хіба ня цуд

Пераклад: 
класічная японская паэзія, вершы па-беларуску, японская літаратура XIX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

* * *

(雨もりや)

працякае дах.
зноў халодны і сыры
ложак, быццам лёд

* * *

(あめのふる日)

у дажджлівы дзень
сам сябе пашкадаваў
пустэльнік Р’ёкан

* * *

(新池や)

чысьцюткі ставок.
ад жабінага скачку
плёскату няма

* * *

(散る桜)

абляцелы квет.
і з рэшты будзе хутка
абляцелы квет

* * *

(はるさめや)

дожджык веснавы.
прылашчваю свой гарлач —
рэпнуты гарбуз

* * *

(春さめや)

дожджык веснавы —
пайсьці ў госьці да сябра
закарцела мне

* * *

(初時雨)

першая імжа.
безыменная гара.
ну хіба ня цуд

* * *

(日日々々に)

цэлы дзень штодня
халодны дожджык імжыць
а я старэю

* * *

(稲舟や)

рысавы човен
падплывае напрасткі
да маладзіка

* * *

(行く秋の)

пра той боль, калі
разьвітваецца восень —
каму расказаць?

* * *

(はちたたき)

іду грукачу
як дагэтуль, так цяпер
іду грукачу

* * *

(ほろ酔の)

як выпівоху
наперад падштурхвае
вясновы вецер

* * *

(柿もぎの)

зьбіраю хурму:
застудзіў мае яйцы
восеньскі вецер

* * *

(この人の)

во дзе мужурна!
на яе шырачэзнай
сьпіне — хоць танцуй!

* * *

(けふこすは)

пакуль красуе,
а ўжо заўтра абляціць —
сьліва ў квецені

* * *

(名月や)

поўня! дасягнуў
вышыні дрэва басё*
я ў садзе маім

*басё — японскі банан, невысокае дрэва (максымум 2-2,5 мэтры), паводле якога ўзяў сабе псэўданім Мацуо Басё: акурат на параўнаньне зь ім намякае Р’ёкан.

* * *

(水の面に)

паверхня вады
вышываная як шоўк
веснавым дажджом

* * *

(鍋みがく)

шарую рондаль —
хачу заглушыць лямант
зялёных жабак

* * *

(夏の夜や)

летняя ночка —
да самага сьвітаньня
падлічваю блох

* * *

(のっぺりと)

во палегчала!
я праспаў канец году.
вясновы ранак

* * *

(のっぽりと)

во дзе нахабства!
праспала канец году
гара Яхіко

* * *

(ぬす人に)

злодзей забыўся
забраць толькі адну рэч:
месяц у вакне

* * *

(可惜虚)

скрушна назіраць:
самотная кабыла
блукае ў полі

* * *

(老翁が)

стары чалавек
гнецца ўзімку да зямлі:
бамбук пад сьнегам

* * *

(留守の戸に)

перад дзьвярыма
сумнага самотніка
толькі хваінкі

* * *

(さわぐ子の)

зашмат балбочуць
малыя — дзе ж ім спаймаць
раньніх сьветлякоў

* * *

(青嵐)

летні вецярок
белаю півоняю
прыпраўляе суп

* * *

(蘇迷盧の)

як там Сумэру,*
гусі вечаровыя?
раскажэце мне

*Сумэру — паводле буддысцкіх уяўленьняў, гара ў цэнтры сусьвету.

* * *

(焚くほどは)

на распал агню
вецер назьбіраў мне ўжо
сухога лісьця

* * *

(鉄鉢に)

нажабраваны
рыс на заўтра ў казанку —
вячэрні спакой

* * *

(鴬や)

«глянь, чарацянка!»
не зважае ні адзін
чалавек са ста

* * *

(うらを見せ)

то зад пакажа,
то перад — падае
кляновае лісьце

* * *

(われよびて)

«ляцім дадому!»
гукаюць мяне ўначы
дзікія гусі

* * *

(山は花)

гара ў квецені.
розгалас «саке, саке!»
зьвініць па лясах

Пераклад зроблены з выкарыстаньнем ангельскіх падрадкоўнікаў Габара Тэрэбэша (Gabor Terebess).

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Найлепшы будда — дрывасек, манахі — рыбакі.
Дзэн у фатэлях дарагіх — толк у такім які?
Дваццаты год жыву з вады, што заядаю ветрам —
сандалі саламяныя, па сьвеце напрасткі.

Пераклад:
Макс Шчур

Хадзіце, дзеці мае,
мае хлопцы й дзяўчаты, мае жанкі, замужнія й незамужнія,
вось цяпер музыкант папускае аброць, скончылася прэлюдыя
ягонай унутранай жалейкі.
Лёгка напісаныя акорды для разьняволеных пальцаў — я адчуваю, што вы ўжо
ня можаце трынькаць вышэй, і перастаю.

Пераклад:
Макс Шчур

Канец эпохі, ціша ў сьвеце.
Век дасказаў, што меў на ўвеце —
дазьзялі слынныя прамоўцы,
сышлі ў нябыт майстры ў рыфмоўцы,
адваяваў ваяр суворы,
мысьляр дамазгаваў, акторы
дайгралі, скульптар скончыў творы,
мастак запоўніў фрэскай сьцены,
і крытык вырак, хто зь іх цэнны.

Пераклад:
Макс Шчур

Так, дасягнуўшы росквіту, у прах
імпэрыі сыходзяць пачаргова,
бо прадчуваюць: іхны ўзьнёслы гмах
ня ёсьць, на жаль, увасабленьнем Слова.