Хопіць зырыць мне на цыцкі, шаноўны

Пераклад: 
сучасная амерыканская проза па-беларуску, амерыканская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, трасянка, пераклад

З кнігі «Беспрасьветны гамон» (South of No North)

Прыгадваеце Пэрл-Гарбар?

(Remember Pearl Harbor?)

Выходзіць гуляць на двор для практыкаваньняў мы мусілі два разы на дзень, раніцай і пасьля абеда. Заняцца там не было чым. Хлапцы сябравалі між сабой збольшага на падставе таго, што іх прывяло ў турму. Як сказаў мой сукамернік Тэйлар, пэдафілы і эксгібіцыяністы былі ў самым нізе сацыяльнай лесьвіцы, тады як буйныя махляры і рэкетыры — на версе.

На двары Тэйлар са мной не размаўляў. Ён праходжваўся туды-сюды з махляром-аўтарытэтам. Я сядзеў адзін. Пару хлапцоў скруцілі з кашулі мяч і перакідваліся ім. Выглядала, што іх гэта забаўляе. Вялікіх магчымасьцяў для забавы вязьняў прадугледжана не было.

Так я там і сядзеў. Неўзабаве я заўважыў гурток. Гулялі ў косткі. Я ўстаў і падышоў. У мяне было менш за долар манэтамі. Я паназіраў за парай кідкоў. Чувак з косткамі выйграў тры разы запар. Я адчуў, што ягоны фарт скончыўся і паставіў супраць яго. Чувак лахануўся. Я зарабіў чвэрць бакса.

Штораз як некаму пачынала шанцаваць я пасаваў, пакуль не адчуваў, што ягоная паласа ўдачаў скончылася. Тады я ставіў супраць. Я заўважыў, што астатнія ставілі кожны раз. Я паставіў толькі шэсьць разоў, зь іх выйграў пяць. Потым нас шыхтам завялі назад у камэры. Я быў на даляр наперадзе.

На наступны дзень я далучыўся да гульні раней. Я зарабіў 2,50 раніцай і 1,75 пасьля абеда. Пасьля гульні да мяне падышоў адзін малалетак. «Бачу, табе шанцуе, панок».

Я даў малому пятнаццаць цэнтаў. Ён адваліў. Да мяне падышоў іншы. «Ты нешта даў гэтаму гаўнюку?»
«Так. Пятнашку».
«Ён з кожнай стаўкі нешта бярэ. Нічога яму не давай».
«Я не заўважыў».
«Анягож. Бярэ-бярэ. З кожнай гульні здымае працэнт». «Заўтра прыгледжуся».
«Да таго ж, ён кончаны эксгібіцыяніст. Паказваў хер малым дзяўчынкам».
«Ага», сказаў я. «Ненавіджу вылюдкаў».

* * *

Ежа была абы-што. Неяк пасьля вячэры я сказаў Тэйлару, што мне шанцуе ў костках.

«Ты ведаў», сказаў ён, «што тут можна купіць хаўчык? Добры хаўчык».
«Як?»
«Пасьля адбою ўніз прыходзіць кухар. Зь ежай для начальніка, найлепшай. Дэсэрт, усе дзялы. Кухар добра гатуе. Яго начальнік сам выбіраў».
«Колькі б нам каштавала вячэра на дваіх?»
«Ды кінь яму капейку. Больш пятнаццаці не давай».
«Так мала?»
«Дасі болей — палічыць цябе дурнем».
«Ну добра. Пятнаццаць дык пятнаццаць».

Тэйлар усё арганізаваў. На наступную ноч пасьля адбою мы чакалі і забівалі вашэй, адну за адной.

«Гэты кухар забіў двух чалавек. Здаровы такі, нягоднік. Забіў аднаго, адседзеў дзясятку, выйшаў, і праз два-тры дні замачыў яшчэ аднаго. Тут чыста ізалятар, але начальнік трымае яго тут увесь час, бо той добра гатуе».

Мы пачулі крокі. Набліжаўся кухар. Я ўстаў, ён прынёс хаўчык. Я падышоў да стала, потым назад да дзьвярэй камэры. Здаравенны быў мужык, той забойца двух чалавек. Я даў яму пятнаццаць цэнтаў.

«Дзякуй, малец — мне і заўтра прыйсьці?»
«Прыходзь кожны вечар».

Мы з Тэйларам селі вячэраць. Ежа была раскладзеная па талерках. Кава была смачная і гарачая, мяса — смажаная ялавічына — мяккае. Бульбяныя камы, салодкі гарошак, сухары, падліўка, масла і яблычны пірог. Так добра я ня еў гадоў пяць.

«Гэты кухар днямі згвалціў марака. Так, што той хадзіць ня мог. Давялося шпіталізаваць».
Я напхаў поўны рот комам з падліўкай.
«Ты не перажывай», сказаў Тэйлар. «Ты такі страшны, што ніхто не захоча цябе згвалціць».
«Я б хутчэй сам крышку пазабавіўся».
«Ну, я пакажу табе курваў. Некаторыя зь іх камусьці належаць, некаторыя не».
«Добрая ежа».
«А то. Значыць, тут два тыпы підараў. Тыя, хто підар ужо на волі, і тыя, каго зрабілі підарамі ў турме. Тут заўжды не хапае курваў, таму хлапцам давялося зрабіць дадатковых, каб задаволіць попыт».
«Лагічна».
«Турэмныя підары звычайна крыху ёбнутыя, бо іх б’юць па галаве. Сьпярша яны спрабуюць супраціўляцца».
«Так?»
«Так. Потым вырашаюць, што лепш быць жывая курва, чым мёртвая цэлка».

Мы даелі і вярнуліся ў ложкі, дзе змагаліся з вашыма і спрабавалі заснуць.

* * *

Я выйграваў у костках штодня. Ставіў болей і ўсё адно выйграваў. Жыцьцё ў турме ўсё лепшала. Аднаго дня мне сказалі, каб я не хадзіў на двор для практыкаваньняў. Да мяне прыйшлі ў адведкі два агенты ФБР. Задалі мне пару пытаньняў, потым адзін зь іх сказаў:

«Мы цябе правяралі. У суд табе ня трэба. Цябе адвядуць у разьмеркавальнік. Калі ваякі цябе возьмуць — пойдзеш служыць. Калі не — зноў будзеш цывільным».
«Мне ўжо тут у турме да спадобы», сказаў я.
«Так, добра выглядаеш».
«Не напружна», кажу, «за хату не плачу, за камунальныя таксама, ніякіх разборак зь дзеўкамі, падаткаў, апазнавальных нумароў, рахункаў за хаўчык, бадуноў...»
«Ты яшчэ пагавары, датрындзісься».
«Бляха муха», кажу, «я ж жартую. Уявіце, што я Боб Гоўп».
«Боб Гоўп — амэрыканскі патрыёт».
«І я б быў патрыёт пры ягоным бабле».
«Трындзі-трындзі. Мы з табой яшчэ надта добранькія».

Я прамаўчаў. У аднаго зь іх быў дыплямат. Ён устаў першы і сышоў. Другі скіраваўся ўсьлед за ім.

* * *

Нам раздалі ссабойкі і загналі ў грузавік. Нас было дваццаць ці дваццаць пяць. Усе пасьнедалі паўтары гадзіны таму, але зараз жа кінуліся на ссабойкі. Няблага: балонскі сэндўіч, сэндўіч з арэхавым маслам і гнілы банан. Я аддаў сваю ссабойку хлапцам. Тыя сядзелі моўчкі. Ніхто не прыкалваўся. Глядзелі роўна перад сабой. Большасьць была чорныя ці каляровыя. І ўсе як адзін былі здаравякі.

Я прайшоў мэдагляд на фізуху і скіраваўся да псыхіятра.

«Генры Чынаскі?»
«Так».
«Сядай».
Я сеў.
«У нашую вайну верыш?»
«Не».
«Хочаш пайсьці ваяваць?»
«Так».

Ён зірнуў на мяне. Я разглядаў свае боты. Здавалася, што ён заглыбіўся ў чытаньне стосу папер перад сабой. Гэта цягнулася некалькі хвілін. Чатыры, пяць, шэсьць, сем хвілін. Урэшце ён прамовіў.

«Слухай, у мяне дома ў наступную сераду вечарынка. Прыйдуць дактары, праўнікі, мастакі, пісьменьнікі, акторы, інтэлігенцыя. Я бачу, што ты ня дурань. Запрашаю цябе, прыходзь. Прыйдзеш?»
«Не».

Ён пачаў пісаць. Ён пісаў, пісаў і пісаў. Я ажно дзівіўся, адкуль ён столькі пра мяне ведае. Я сам пра сябе столькі ня ведаў.

Піша — ну і хай піша. Мне было ўсё адно. Цяпер, калі мяне не пускалі на вайну, я амаль што туды захацеў. З другога боку, я быў рады, што адмазаўся. Доктар скончыў пісаць. Я адчуваў, што падмануў яго. Я адмаўляўся ісьці ваяваць не таму, што баяўся кагосьці забіць ці быць бессэнсоўна забіты сам, гэта мяне бадай што не абыходзіла. Я быў супраць таго, каб у мяне адбіралі права сядзець у сваім пакойчыку, галадаць, піць таннае віно і вар’яцець па-свойму, як мне карцела.

Я не хацеў, каб мяне будзіў нейкі чувак з горнам. Не хацеў спаць у казарме разам з кодлай здаровых апантаных сэксам і футболам адкормленых дасьціпных задрочаных мілых запалоханых расчырванелых бздлівых мамчыных сьціплых баскетбалістых амэрыканскіх хлопчыкаў, зь якімі мне давялося б паводзіцца па-сяброўску, бухаць на пабыўцы, ляжаць на сьпіне побач і выслухваць тузіны нясьмешных, плоскіх, пахабных анэкдотаў. Не хацеў я іхных вашывых коўдраў, вашывых мундзіраў і вашывай чалавечынкі. Я не хацеў ні сраць, ні сцаць зь імі ў адным полі, ні трахаць зь імі адну курву. Не хацеў бачыць іхныя пазногці на нагах або чытаць іхныя лісты з дому. Не хацеў глядзець, як іхныя дупы скачуць перад мною шчыльнымі радамі, не хацеў зь імі сябраваць, не хацеў зь імі варагаваць, я проста не хацеў ні іх, ні вайны, ні халеры. А забіваць ці быць забітым — якая розьніца.

Пасьля таго, як я прасядзеў дзьве гадзіны на цьвёрдай лаўцы ў калідоры колеру гаўнакачкі, дзе дзьмуў халодны скразьняк, мяне адпусьцілі, я выйшаў вон і пайшоў на поўнач. Спыніўся купіць пачак цыгарэт. Зайшоў у першы-лепшы бар, сеў, замовіў ўіскі з вадой, сьцягнуў з пачку цэляфан, дастаў цыгарэту, запаліў, узяў у руку шклянку, палову выпіў, зацягнуўся цыгарэтай, зірнуў на тое, які я прыгажун, у люстра. Дзіўнае было адчуваньне, быць на волі. Дзіўна было, што я магу ісьці, куды заманецца.

Каб пацешыць сябе, я ўстаў і пайшоў у ачко. Пасцаў. Звычайная жудасная барная сральня; я ледзь не прабляваўся ад смуроду. Я выйшаў, кінуў у музычны аўтамат манэту, сеў і паслухаў найноўшае музло. Якім гаўном тое было, такім і засталося. У ім быў рытм, але не было душы. З Моцартам, Бахам і Бэтхам побач не стаяла. Мне будзе не ставаць гульні ў косткі і добрай ежы. Я замовіў яшчэ ўіскі. Разгледзеўся вакол. У бары сядзела пяць мужчын, ніводнай жанчыны. Я зноў быў дома, на амэрыканскіх вуліцах.

Хопіць зырыць мне на цыцкі, шаноўны

(Stop Staring At My Tits, Mister)

Бамбіза Барт быў найвялікшым злыднем Захаду. Ён быў найхутчэйшым стралком Захаду, і ніхто на Захадзе не пераябаў столькі самых розных баб як ён. Ён не любіў мыцца, хуйні і быць другім. Яшчэ ён быў начальнік каравану, які рушыў на Захад, і сярод ягоных аднагодкаў ні ў кога не было на рахунку столькіх забітых індзейцаў, пераёбаных баб і забітых бледнатварых.

Бамбіза Барт быў герой і ведаў гэта, і ўсе гэта ведалі. Нават пярдзеў ён выключна, гучней за абедзенны гонг, і вісячку меў да калена. Ягонай задачай па жыцьці было давесьці караван куды трэба, ператрахаць бабішч, замачыць пару чувакоў, а там ужо й вяртацца па чарговую партыю вазоў. Ён меў чорную бараду, сьмярдзючую сраку і яскрава-жоўтыя зубы.

Толькі што ён адымеў маладую жонку аднаго Васі, прымусіўшы Васю на гэта глядзець. Яшчэ ён загадаў, каб Васева жонка размаўляла з Васем цягам ёбу. Ён прымушаў яе казаць: «Ах, Вася, ён засунуў мне сваю індычыную шыю па самае горла, я ледзь дыхаю! Васечка, ратуй! Не, Васечка, ня трэба ратаваць!»

Кончыўшы, Бамбіза Барт загадаў, каб Вася абмыў яму прычындалы, пасьля чаго ўсе трое выправіліся як сьлед павячэраць кумпякамі з фасоляй і сухарыкамі.

На наступны дзень караван параўняўся з самотным фургонам, што ў гордай адзіноце перасякаў прэрыю. Лейцы трымаў хударлявы хлопец гадоў шаснаццаці, са сьпярэшчаным прышчамі тварам. Бамбіза Барт пад’ехаў да яго.

«Слухай, малы», пачаў ён.
Хлопец не адказаў.
«Я з табой размаўляю...»
«Пацалуй мяне ў сраку», сказаў хлопец.
«Я Бамбіза Барт», сказаў Бамбіза Барт.
«Пацалуй мяне ў сраку, Бамбіза Барт».
«Як цябе зваць, сынку?»
«Усе мяне клічуць „Малы“».
«Слухай, Малы, яшчэ нікому не ўдавалася праехаць праз індзейскую тэрыторыю з адзіным возам».
«Мне ўдасца», сказаў Малы.

«Ну глядзі, твае ж яйцы на коне. Давай, Малы», сказаў Бамбіза Барт і зьбіраўся ўжо ад’ехаць, як тут расхінуліся заслоны фургона і зьявілася такая ўвішная маладая кабылка з мэтровымі грудзямі, чоткай здаравеннай жопай і вачыма колеру неба пасьля зьлівы. Яна зірнула на Бамбізу Барта, і ягоная індычыная шыя затрымцела і ўпёрлася ў рог сядла.

«Дзеля твайго ж дабра, Малы, паехалі з намі».
«Піздуй далей, дзядуля», сказаў Малы, «сраць я хацеў на парады нейкага старога казла з бруднай сракай».
«Я забіў некаторых за тое, што яны міргнулі», папярэдзіў Бамбіза Барт.
Малы сплюнуў на зямлю. Потым пачухаў сябе праміж ног.
«Дзядуля, ты заябаў. Зьнікні з маіх вачэй, а то я дапамагу табе ператварыцца ў скібу швайцарскага сыру».

«Малы», сказала дзяўчына, нахіляючыся да яго так, што адна цыцка выпала зь ейнага гарсэта на сьвет божы, у якога адразу ж устаў. «Па-мойму, ён мае рацыю. Мы самі ня маем супраць гэтых ябучых індзейцаў ніякіх шансаў. Таму ня будзь казьлінай. Скажы чуваку, што мы да іх далучаемся».
«Мы да вас далучаемся», сказаў Малы.
«Як зваць тваю дзеўку?», спытаўся Бамбіза Барт.
«Цыцылія», сказаў Малы.
«І хопіць зырыць мне на цыцкі, шаноўны», сказала Цыцылія, «ці я адхуячу вас рэменем да паўсьмерці».

* * *

Нейкі час усё ішло без праблем. У каньёне Сіняе Яйцо адбылася сутычка з індзейцамі. У індзейцаў трыццаць сем забітых, адзін палонны. Ніводны амэрыканец не пацярпеў. Палоннага індзейца Бамбіза Барт адымеў у жопу а пасьля наняў яго як кухара. Наступная сутычка з індзейцамі адбылася ў каньёне Трыпэрны. У індзейцаў трыццаць сем забітых, адзін палонны. Ніводны амэрыканец не пацярпеў. Палоннага індзейца Бамбіза Барт адымеў у жопу...

Было відавочна, што Бамбіза Барт запаў на Цыцылію. Ён ня мог адарваць ад яе вачэй. Жопа, яго вабіла перадусім яе жопа. Аднаго разу ён так на яе заглядзеўся, што ўпаў з каня. Адзін з двух індзейцаў-кухараў засьмяяўся. Гэтак застаўся толькі адзін індзеец-кухар.

Аднаго дня Бамбіза Барт адправіў Малога ў прэрыю разам з групай паляўнічых па бізоніну. Пачакаўшы, пакуль яны ад’едуць, Бамбіза Барт скіраваўся да фургона Малога. Заскочыўшы на месца рамізьніка, ён расхінуў фіранкі і зайшоў усярэдзіну. Цыцылія стаяла пасярод фургона на карачках і мастурбавала.

«Божухна, дзетка», сказаў Бамбіза Барт, «не марнуй сваіх скарбаў!»
«Пайшоў адсюль нахрэн», сказала Цыцылія, выняўшы зь дзіркі палец і скіраваўшы яго на Бамбізу, «пайшоў вон і дай мне дарабіць, што мне трэба!»
«Твой хлопец ня дбае пра цябе, Цыцылія!»
«Дбае ён, ёлуп ты, мне проста гэтага мала. Я пасьля цечкі заўжды страшна яблівая».
«Слухай, чувіха...»
«Ад’ябіся!»
«Ну малая, глядзі, нештачка пакажу...»

І ён дастаў з нагавіц свой адбойны малаток. Той быў пурпуровы і хадзіў туды-сюды, як грузіла ў дзядулевым гадзіньніку. Некалькі кропель змазкі ўпалі на падлогу.

Цыцылія не магла адарваць вачэй ад гэтай прылады. Урэшце яна сказала: «Я ня дам табе засунуць у мяне гэтую штуковіну!»
«Ну не крыві душой, Цыцылія».
«Я НЯ ДАМ ТАБЕ ЗАСУНУЦЬ У МЯНЕ ГЭТУЮ ШТУКОВІНУ!»
«Ну чаму? Чаму? Ты толькі зірні!»
«Я ўвесь час гляджу!»
«Няўжо ты яе ня хочаш?»
«Не, бо кахаю Малога».
«Кахаеш?», зарагатаў Бамбіза Барт. «Каханьне — гэта казка для дэбілаў! Ты паглядзі, якое ў мяне касільна! Каханьне зь ім побач не стаяла!»
«Я кахаю яго, Бамбіза!»
«А вось мой язык», сказаў Бамбіза Барт, «на ўсім Захадзе другога такога няма!»
Ён высалапіў язык і паказаў ім некалькі гімнастычных трукаў.

«Я кахаю Малога», настойвала Цыцылія.
«Ну, тады пайшла ты ў сраку», сказаў Бамбіза, разагнаўся і кінуўся на Цыцылію. Няпроста было засунуць у яе ягоную штуковіну, і калі гэта яму ўдалося, Цыцылія ўскрыкнула. Ён торкнуў туды-назад усяго разоў сем, калі адчуў, што яго рэзка і груба адцягнулі прэч.
ГЭТА БЫЎ МАЛЫ. ЁН ВЯРНУЎСЯ З ПАЛЯВАНЬНЯ.

«Прывезьлі твайго бізона, мудзіла. Давай, нацягвай штаны і выходзь, там разьбяромся».
«Я найхутчэйшы стралок Захаду», нагадаў Бамбіза Барт.
«Я ў табе зраблю такую дзірку, у параўнаньні зь якой твая сральная адтуліна будзе невідочная, як пора на скуры», сказаў Малы. «Давай, не марудзь ужо. Я згаладаўся. Паляваньне на бізона наганяе апэтыт...»

Мужыкі сядзелі вакол вогнішча і глядзелі. У паветры яўна адчувалася напружаньне. Бабы засталіся ў фургонах маліцца, мастурбаваць і смактаць джын. На рэвальвэры Бамбізы Барта былі трыццаць чатыры засечкі, і гэта ў яго яшчэ была херовая памяць. На рэвальвэры Малога засечак не было. Але ён быў так упэўнены ў сабе, як мала хто да яго. Зь іх двух больш нэрвовым выглядаў Бамбіза. Выжлукціўшы адным глытком палову пляшкі ўіскі, ён падышоў да Малога.

«Слухай, Малы...»
«Што, мудзіла?»
«Не, ну чаго ты адразу ўсхадзіўся...»
«Я табе зараз яйцы адстрэлю, дзядуля!»
«За што?»
«Бо ты наклаў лапу на маю бабішчу, стары казёл!»
«Слухай, ну няўжо ты не разумееш? Баба цкуе аднаго кабяля на другога. Ёй гэтага ад нас і трэба».
«Раскажы каму іншаму, татусю! Адыдзіся й страляй! Харэ трындзець!»
«Хлопча...»
«Вымай і страляй!»

Мужыкі ля вогнішча зьнерухомелі. Пяшчотны павеў вятрыска прынёс з Захаду пах конскага гаўна. Нехта кашлянуў. Бабы кленчылі ў фургонах, бухалі джын, маліліся й мастурбавалі. Надыходзілі прыцемкі.

Бамбіза Барт і Малы разышліся на трыццаць крокаў.

«Давай, вымай, сцыкло!», сказаў Малы. «Вымай кольт, бабаёб сраны!»

З-за фіранак фургона бязгучна выйшла жанчына з ружжом. Гэта была Цыцылія. Яна ўпёрла прыклад у плячо, а непрымружанае вока — ў мушку на рулі.

«Ну давай, гвалтаўнік хвалёны», сказаў Малы, «СТРАЛЯЙ!»

Рука Бамбізы Барта рванулася да кабуры. Прыцемкі працяў звонкі стрэл. Цыцылія апусьціла дымістую рулю і вярнулася ў фургон. Малы ляжаў на зямлі зь дзіркай у лбе. Бамбіза Барт засунуў нескарыстаны кольт назад у кабуру і скіраваўся да фургона. Узыходзіў Месяц.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

я хадзіў туды куды нікому лепш не хадзіць.
мяне бязьлітасна зьбівалі і пакідалі падыхаць.
у мяне па ўсім чэрапе гузакі ад гумавых дручкоў і ўсяго такога.
анёлы абассаліся ад страху.
я ўвасабленьне хараства.
як і вы.
як і яна.
як і жоўты сонечны прыбой і ўся веліч гэтага сьвету.

Пераклад:
Макс Шчур

паэт (?):
гэтаму слову патрэбнае новае
вызначэньне.

калі я чую гэтае
слова
мой страўнік
сьціскаецца
нібыта я зараз
зблюю

Пераклад:
Макс Шчур

Трыццаць тысяч відаў яшчэ невядомых расьлін
Жывыя непрыдуманыя людзі ў джунглях
прадаюцца на катаваньне —
а робат у гарнітуры, што спэкулюе прымхай з назвай «Бразілія»
мае права гаварыць ад іхнага імя?

Пераклад:
Макс Шчур

калі б я хацеў быць
клоўнам
я б паехаў
у Галівуд.

адзіны неабходны
паэтычны акт
гэта напісаньне
верша
а ўсё што ідзе за ім
гэта
прапаганда