Кароль Маялесу

Пераклад: 
класічная амерыканская паэзія, вершы па-беларуску, амерыканская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

Зь вершаў 1960-х гг.

Заход сонца на параплаве «Азэмур»

(Sunset S. S. Azemour)

Аранжавае сьвятло заходзячага сонца падае на адну маю даўнюю ідэю
а я гляджу на аркуш скрозь сваю руку
адчуваючы сябе ў нетрах гэтай дзіўнай ізаляванай і паяднанай з усім астатнім істоты
і шукаю куды дзелася ейная галава — Сэрафімы
лятуць скрозь штармавы эфір у полысках бліскавіцы
пасланцы-анёлы з рагатымі бародамі прыбываюць з Магнітных сфэр
радыёпрыймачы растаюць у паветры ловячы старыя галяктыкі
Колы бясконцасьці разыходзяцца ўва ўсіх напрамках
Дабравешчаньне перасякае ўвесь спэктр ад Нябачнага да Нябачнага
Хвост цмока вечнасьці ўжо ня ўхопіш вокам
Дзівацкая сьмерць, забытыя нараджэньні, галасы гукаюць зь мінуўшчыны
«Я быў» пасярэдніцтвам «я ёсьць» перадае пісьмовае прывітаньне «я буду»
Войскі зноў і зноў маршыруюць па полі старажытнай бітвы...
Што за ўладары, седзячы пад купаламі сваіх намётаў, абвяшчаюць Вечную Перамогу?
За пісьмовым сталом я занатоўваю бясконцае пасланьне сваёй руцэ ад сябе самога

Марсэль — Танжэр, 1961 г.

На беразе Галілейскага возера

(Galilee Shore)

На фоне цёмна-сіняга храму ў старамодныя зорачкі, уначы зялёныя
карабельныя ліхтары вуркочуць па-над вадою,
далёкія пацеркі электрычных агнёў на сырыйскіх вяршынях,
бераг падзыньквае званамі, рог музычнага аўтамату сыпле мэлёдыямі,
цень сьмерці туліцца да маёй левай грудзі —
цыгарэта, полыск запалкі, чэрап аблізвае свае ссохлыя вусны —

Рыбаковы сеці перакінутыя праз паркан, лёгкі ветрык у мёртвых
галінах вярбы
на парослым травою беразе — разьняволена-грубы саксафон,
срэбныя ражкі адгукаюцца рэхам —
ці праўда, што тут жыў чалавек званы Саламон? Што тут крочыў Пётра?
Што Хрыстос хадзіў па той самай прэснай вадзе?
Дабраславі цябе бог, Міратворца!

Гутарковая вулічная
ангельская, сандалі барадатых жыдоў, куфіі сівых палестынцаў —
бязмоўе між іўрытам і арабскай —
узрушанасьць ад першага гашышу ў Сьвятой зямлі —
Праз пагорак у даліну ў сінім аўтобусе, міма Каны дзе не гуляюць вясельляў —
я безыменны вандроўнік у безыменнай правінцыі —
усе хлапчукі па кінатэатрах глядзяць чоткі вэстэрн —
мастацкая галерэя зачыненая, на падлозе люлька, брытва й табака.

Ухапіць за бараду Марціна Бубэра
глядзець як Гершам Шолем з тварам шкілета завязвае боты
вымавіць назоў Капэрнаум і ўбачыць каменныя дзьверы ў магільню
быць бязвольны адзін уначы на беразе вялікага цёмнага возера —
пыльным днём ісьці па Назарэце, паводле паху мачы выйсьці да калодзежу сьвятой Марыі
глядзець як аранжавы месяц лупаціцца на Сырыю, не абяцаючы нічога добрага —
чакаць на Галілейскім беразе — ноч з Арыёнам, маланкай, галасамі неграў, хваробай
Бюргера, шклянкай лімоннай гарбаты — адчуваньне дотыку ўласнай левай рукі на
голеным падбародзьдзі —
усё што для гэтага трэба — пакутаваць на мэтафізычны жаль уміраньня.

Мастацтва — толькі цень, як каровы ці гарбата —
пакіньце будучыню адкрытай, не прызначайце сустрэч, усё ўжо тут
з узыходам Месяцу й ціхай музыкай у памяці фанографа —
толькі падумайце, якое дзіва! хтосьці ўстае і проста ідзе па вадзе.

Тыбэрыяда, кастрычнік 1961 г.

Раніца

(Morning)

Бўэ! раве плянэта
Галубы з бастыёнаў іржавых карнізаў зіркаюць
уніз на скрыжаваньні вуліц,
нарык у белым пінжаку
мігціць пад жоўтым сьветлафорам кіруючыся
ў ложак да негрыцянскага каханка
Чорны дым льецца па стрэхах, кашаль
абалдзеннага горада —
дагучала музыка вечкаў сьмецьцевых бакаў
енк грузавікоў на Пятай усходняй вуліцы
Бўэ! Я зноў прачнуўся —
наперадзе жудасны дзень
што рабіць? — Занудныя допісы
чакаюць адказу
напісаць мэсьё Дзюшану
увесь дзень тое самае я ды я
відавочна

Пытаньне «Хочаце жыць ці памерці?»
Адказ «А я доктар»
прамовіў Юліюс пасьля 12 гадоў
у публічным шпіталі

Бўэ! равуць негры ў Гарлеме
Бўэ! равуць рэвізоры кантралёры
будоўляў мянты кангрэсмэны
намміністры абароны
Бўэ! равуць Тэхас зь Місісіпі
Бўэ! раве Індыя
Бўэ! равуць ЗША
Не ну а хто доктар?

О магутная паўнацэнная
ўсеабдымная Свабода! На халеру?
каб аблажацца! каб
спудлаваць! каб прышчапіць
паравозікі-кветачкі да лісьцікаў
барвовых вагінетак.
Быць занудам! пасьмешышчам! трупам!
здыхляком! загіблым!
Паўтараць Бўэ якое тут цалкам бяз сэнсу
Абрыднуць! нават
сабе самому! Хопіць трындзець!

Папяровыя балбатня! Абышто! Пшык! Аблом!
Ды завалі ты ўжо рот!
Каб ты гаўна наеўся!
Падцярыся! Трапло!
Калека ты! Гомік! Абдаўбаны
Нарцыс! Жыд пархаты!
Спадар прафэсар! Падла! Бзьдзюк!

Золатка! Каханы! Зайчык!
Мілы! Каток! Галубок! Даражэнькі!
Родненькі! Сысуночак! Красунчык!
Лялечка! Бусечка! Усе каторыя
Гінзбэрг —
сабраліся і пайшлі нахуй!
А калі ўжо дайшлі, то
куды далей — толькі наперад?
Куды-куды — у сраку мяне пацалуйце!

О Каханы, мае вусны дакранаюцца
да грудзей чарнаскурага паліцыянта.

Нью-Ёрк, 1963 г.

Варшаўская кавярня

(Café in Warsaw)

Вунь здані адпачываюць на плястыкавых крэслах
здані ў скураных пальчатках мітусяцца па кавярні ўжо гадзіну
здані дзяўчат з шнарамі на тварах чорныя панчохі тонкія бровы
здані хлопцаў з русявымі роўна зачасанымі валасамі вострымі бародкамі
новыя здані ажыўлена гутараць згуртаваўшыся разам над чорнымі зіхоткімі сталамі ў другой палове дня
маркотнае сапрана гісторыі сьпявае ў сучасным дынаміку —
сьцены й вокны ў пэрспэктыве 18 стагодзьдзе ўніз па праспэкце Новы Сьвят да ўзьнятага
мяча Жыгімонта ІІІ на калёне што ўжо тры стагодзьдзі вісіць па-над польскай моладзьдзю —
О польскія здані колькі вы напакутаваліся з часоў калі Шапэн плакаўся свайму рамантычнаму піяніна
старыя будынкі зруйнаваныя, радасьць усіх начных гулянак пад авіяналётам,
першыя выкрыкі з гета якое вынішчаюць — Рабочыя праходзяць скозь яшчэ даваенныя ліловыя сьцены спальні й бураць залітыя сонцам руіны —
Зараз прывіды збліжаюцца для цалаваньня ручак, дзяўчаты цалуюцца ў вусны, рудавалосая вядзьмарка з Парыжу
і залатыя гадзіньнікі тонкай работы — сядзець каля жоўтай сьцяны зь вялікім карычневым партфэлем —
выкурыць тры цыгарэты з танклявымі мужчынамі ў чорных смокінгах ківаць галовамі на прэм’еры фільма —
Прывідны Хрыстос і вашыя целы хай будуць з вамі цягам гэтай гадзіны пакуль вы маладыя
ў пасьляваенным раі заплямленыя камуністычным потам, вашыя каханьні і вашыя белыя гладкія мяккія шчокі ў водблісках погляду насупраць.
О прывіды якія прыгожыя вашыя спакойныя паголеныя твары, вашыя бледныя шалі пад колер памады, вашыя далікатныя абцасы,
які гожы ваш адсутны погляд, скрыжаваныя ногі, яна адна за сталом з доўгімі вейкамі,
якое чароўнае вашае цярплівае стрыманае каханьне вы сядзіцё разам чытаеце часопісы пра мастацтва —
як прыгожа вы ўваходзіце праз захінутыя аксамітам дзьверы, сьмеючыся ў перапоўненым памяшканьні,
як чакаеце ў сваіх капелюшах, ацэньваеце позіркам твары, паварочваецеся й сыходзіце прэч на гадзінку,
ці раздумваеце каля барнай стойкі, чакаючы, пакуль нетаропкая афіцыянтка запарыць вам крутой гарачай чорнай гарбаты, хвіліну па хвіліне
нерухома стаіцё пад штогадзінны бой касьцёльных званоў, так мінаюць гады а вы застаяецеся тут на Новым Сьвяце,
як гожа вы сьціскаеце свае вусны, выдыхаеце з роту дым, паціраеце рукі
ці нахіляецеся адны да адных са сьмехам заўважыўшы гэтага калматага дзікага чужака вар’ята што сядзіць адзін паміж вас і плача.

10 красавіка 1965 г.

Кароль Маялесу

(Kral Majales)

Усё што могуць прапанаваць Камуністы гэта тлустыя шчокі акуляры й хлусьлівыя паліцыянты
тым часам як Капіталісты прапануюць галечы Напалм і грошы ў зялёных валізах,
а Камуністы будуюць цяжкую прамысловасьць але й на сэрцы таксама цяжка
а прыўкрасныя інжынэры ўсе паўміралі, засакрэчаныя канструктары ладзяць змовы дзеля сваёй уласнай бліскучай
Будучыні, Будучыні, а пакуль тое п’юць гарэлку й наракаюць на камітэт дзяржбясьпекі,
а Капіталісты п’юць у самалётах джын і ўіскі але выракаюць мільёны гнядых індусаў на галодную сьмерць
а калі гаўнюкі Камуністы сварацца з гаўнюкамі Капіталістамі то Справядлівага арыштоўваюць рабуюць ці пазбаўляюць галавы,
але ня так, як Кабір, і цыгарэтны кашаль Справядлівага ў сьляпучым сонцы
па-над аблокамі ёсьць тостам за здароўе сіняга неба.
Бо мяне ў Празе арыштоўвалі тройчы, першы раз за тое, што я п’яны сьпяваў на Народным бульвары,
другі — калі вусаты саксот сярод ночы паваліў мяне на брук з крыкамі «БУЗЭРАНТ»*,
трэці калі я страціў свае нататкі поўныя нетрадыцыйнага сэксу палітыкі сноў меркаваньняў,
паліцыянты ў зялёных уніформах выслалі мяне самалётам з Гаваны,
паліцыянты ў дзелавых чэхаславацкіх гарнітурах выслалі мяне самалётам з Прагі,
яны нагадвалі Сэзанавых гульцоў у карты, дзьве дзівацкія марыянэткі што наведалі раніцай пакой Ёзэфа К.
завіталі і да мяне, елі ў мяне за сталом, вывучалі маю крамзаніну,
цікавалі за мною ўсю ноч, ад дамоў каханкаў да кавярняў у цэнтры —
я ж Майскі Кароль, які ўвасабляе сэксуальную моц маладосьці,
я Майскі Кароль, майстар красамоўства і любошчаў,
я Майскі Кароль з доўгімі валасамі Адама й доўгай уласнай барадой
я Майскі Кароль, па-чэхаславацку Крал Маялес,
я Майскі Кароль, увасабленьне старажытнай паэзіі Чалавецтва, 100 000 чалавек абралі мяне каралём,
я Майскі Кароль, і празь некалькі хвілін я прызямлюся на лёнданскім лётнішчы,
я Майскі Кароль, ну вядома, у мяне ж славянскія продкі, да таго ж я буддаюдэй
што пакланяецца Сьвятому Сэрцу Хрыста і сіняму целу Крышны і роўнай сьпіне Рамы
пацеркам нігэрыйскага Чанго а яшчэ я сьпяваю «Шыва Шыва» на ўласнапрыдуманую мэлёдыю,
а Майскі Кароль гэта традыцыйны цэнтральнаэўрапейскі тытул які ў ХХ стагодзьдзі належыць мне
наперакор касьмічным караблям і Машыне Часу, бо цягам адной галюцынацыі я пачуў Блэйкаў голас
і ўвесь час яго ўзнаўляю. Я Майскі Кароль, які сьпіць з падлеткамі ўподсьмех.
Я Майскі Кароль, таму мяне могуць з гонарам выдаліць з майго каралеўства, як у старажытнасьці,
каб паказаць розьніцу між кесаравай дзяржавай і Майскім Каралеўствам Людзей —
я Майскі Кароль, хоць і параноік, бо Майскае Каралеўства залішне прыгожае каб трываць даўжэй за месяц —
я Майскі Кароль бо прыклаўшы палец да лоба я аддаваў салют
сьветлай паўнагрудай дзяўчыне з дрыготкімі рукамі што сказала «хвілінку спадар Гінзбэрг»
а тады тлусты малады агент у цывільным уплішчыўся між нашых целаў — я выпраўляўся ў Англію —
я Майскі Кароль, я зноў убачу могілкі Бангіл-Філдз і прайдуся па Гэмпстэдскіх пустках,
я Майскі Кароль, мой гіганцкі рэактыўны лятак кранае Альбіёнскае лётнішча што дрыжыць ад страху,
самалёт раве прызямляючыся на шэрым бэтоне, калоціцца й выпускае паветра
і памалу спыняецца пад аблокамі ў якіх яшчэ відаць кавалак сіняга неба.
Не паглядзеўшы на тое, што я Майскі Кароль, марксісты зьбілі мяне на вуліцы, усю ноч не давалі мне спаць у пастарунку, сачылі за мною па ўсёй вясновай Празе, цішком мяне затрымалі й выслалі з нашага каралеўства летаком.
І тады я напісаў гэты верш, седзячы ў пасажырскім крэсьле пасярод Нябёсаў.

7 траўня 1965 г.

*бузэрант (чэс., груба) — гомасэксуаліст

Назад у старасьць

(Growing Old Again)

Хрыплаватае нараканьне далікатнай францужанкі з музычнага аўтамату
разбаўляе пяшчотай паветра па-над клетчатымі абрусамі
я цэлы год не трапляў у Бочку Селядцоў
між сваімі Москвамі і Ўічытамі момант самоты
Задаволены што магу сузіраць безгустоўны алейны партрэт Бодэнгайма з Гулдам*,
Фантомаў як нефантом насупраць па-над барнай стойкай на сьцяне фатаздымкі
колішніх заўсёднікаў прызнаньне тыповыя бзікі замест
неўміручасьці, кодла правінцыйных бухарыкаў абламаных
Дыланаў Томасаў невыносных браткоў мафіі.
Шарм старой добрай ананімнасьці, фанограф грае па памяці
знаёмыя барныя тэмы наведнікі бываюць нячаста
калісьці модная кропка мянты на тэлефоне я падпіты закаханы
ў нейкага блізкага сябра той жа вобраз грошы за тым жа сталом тое ж
прароцтва тады я адчуваў сябе неўміручым — цяпер усё спраўдзілася сяджу
праз дзесяць гадоў ачмураны музычным аўтаматам Анёл згаданы каб быць забытым

3 сакавіка 1966 г.

*Максўэл Бодэнгайм, Джоў Гулд — паэты і алкаголікі, пэрсанажы нью-ёркскай багемы 1920-50-х гг.

Целу

(To The Body)

На троне з плясмасы, ахінутае воўнай, у кароне з дыямэнтаў,
транспартаванае ў алюмініі, абутае ў сынтэтычную гуму, кормленае шпарагамі,
упрыгожанае ўсімі жывымі істотамі,
слых закалыханы мантрамі электроннага року, нюх заказытаны хімічнымі ружамі,
сузіральнік даўганосых фабрык паветра, кожная шчылінка ў скуры зацалаваная любімымі бабулямі,
такім чынам мужчына жанчына дзіця гэта лагоднае мяса што ўсьведамляе сваю полавую прыналежнасьць з трымценьнем і чырваненьнем плоці,
чые пахвіна й мазгі аздобленыя валасамі — грывасты леў зь ільвянём ля каміна

15 чэрвеня 1966 г.

Літаньне пра ваенныя прыбыткі

(War Profit Litany)

Эзру Паўнду

Вось імёны кампаній, што зарабілі на гэтай вайне
Летагасподняга тысячадзевяцьсотшэсьцьдзясятвосьмага ў юдэяў чатырытысячывасьмідзясятага,
Гэта Карпарацыі якія зарабілі на продажы фосфару, што спальвае скуру, ці снарадаў, што разрываюцца на тысячы йголак і ўпіваюцца ў целы,
вось сума ў мільёнах, колькі зарабіў кожны з вытворцаў зброі, усё ўлічана, паказаныя ўсе прыбыткі за апошнія дзесяць гадоў, па парадку,
вось сьпіс Бацькоў-заснавальнікаў у кіраўніцтве гэтых кампаній, тэлефоны загадчыкаў фінансамі,
імёны дырэктараў, гаспадароў лёсаў, імёны акцыянэраў і колькі ім у сукупнасьці належыць,
а вось імёны іхных прадстаўнікоў у сфэры Капіталу, іхных лабістаў у сфэры заканадаўства, што сядзяць папіваючы ў гатэльных вэстыбюлях і пераконваюць,
а на асобным аркушы сьпіс тых, што пастаўляюць войску амфэтаміны, распаўсюджваюць плёткі, спрачаюцца і пераконваюць,
падказваюць захады ствараюць тэрміналёгію прапануюць стратэгію,
гэта ўсё за пэўны працэнт, які ім выплочваюць іхныя кампаніі як сваім прадстаўнікам у Пэнтагоне і кансультантам генэралітэту:
а вось імёны генэралаў і вайсковых камандзіраў, што працуюць цяпер на вытворцаў ваеннай прадукцыі;
а над імі сьпіс банкаў, аб’яднаньняў, інвэстыцыйных фондаў, што кантралююць згаданых вытворцаў:
а вось назвы газэт, якія належаць гэтым банкам,
а гэта назвы радыёстанцый, якія належаць згаданым аб’яднаньням;
а гэта ў тысячах чалавек колькасьць грамадзянаў, занятых у вышэйпералічаных кампаніях;
і гэта справаздача за пэрыяд з 1958-га па 1968-ы год уключна, пасьлядоўная і канчатковая статыстыка, якую варта як сьлед запамятаць,
першы блянк гэтага літаньня быў запоўнены ў 1967 годзе месяцы сьнежні першага дня, да яго прыкладаецца паэма пра гэтыя Штаты.

1 сьнежня 1967 г.

Прароцтва

(A Prophecy)

О барды Будучыні
сьпявайце ад чэрапу да сэрца й самай сракі
пакуль трывацьме мова
Для голасу перакладзіце ўсе акорды
забіце ўсякую сьвядомасьць
Я пяю седзячы ў турме свайго розуму
ў штаце Нью-Ёрк
без электрычнасьці
дождж над гарамі
думка напаўняе гарады
я пакіну сваё цела
ў занядбаным матэлі
маё «я» ўцякае
праз ненароджаныя вушы
Ня мова мая
а голас
што пяе па коле
застанецца на зямлі
ня косткі-цікавосткі
а нотаў вецер хлёсткі
Дыханьні любыя і вочы
зіхціце ў небе ўночы
ракета ўжо ракоча
што адвязе мяне дамоў

Травень 1968 г.

На Нілаў попел

(On Neal’s Ashes*)

Пяшчотныя вочы што мігцелі як сінія скалы — попел
смочкі, рэбры, па якіх я праводзіў адзінцом — попел
рот, да якога я аднойчы ці двойчы дакрануўся языком — попел
скуластыя шчокі, што туліліся на маім мяккім жываце — прысак, попел
мочкі й павекі, юная галоўка чэлеса, кучаравая пахвіна,
цёплыя грудзі, мужная далонь, сьцягно старшаклясьніка,
біцэпсы бэйсбаліста, анус выпалены ў ядвабнай скуры —
усё попел, усё вярнулася ў попел.

Жнівень 1968 г.

*Маецца на ўвазе Ніл Кэсыдзі (Neal Cassady, 1926 — 1968), знакавая постаць біт-генэрацыі.

Уяўныя сусьветы

(Imaginary Universes)

Мне загадалі забіць шпіёна і я разрадзіў пісталет яму ў рот.
Ён стаяў на каленях з завязанымі вачыма і ўпаў тварам уніз жыцьцё пакінула ягонае цела.
Не, гэтага не было. Я толькі ўяўляў сабе гэтую сцэну ў сьнегападзе на лётнішчы, калі самалёт з Олбані разраджаў свой поўны пасажыраў магазін.
Так, хлопец мэксыканскага выгляду, 19-цігадовы, ува ўніформе марскога дэсантніка, сядзеў побач са мной,
мы прызямляліся ў Солт-Лэйк-Сіці, ён суправаджаў цела свайго брата зь Віетнаму.
«Жаўтаскуры стаяў перад мною на каленях, плакаў і прасіў літасьці. Іх было двое; ён трымаў улётку, што мы на іх скінулі».
Улётка абяцала беспакаранасьць віетконгаўцам, якія складуць зброю.
«За свайго найлепшага сябра і за свайго брата я забіў абодвух».
Так, гэта праўда.

Люты 1969

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Няўжо няма Адказу?
а ты адказваеш, няўжо заўсёды павінен быць нейкі Адказ?,
вось каб я мог сказаць Так ці Не —
дзякуй Богу што я ня Бог! Дзякуй Богу што я ня Бог!

Пераклад:
Макс Шчур

Ніхто не пацярпеў. Усе проста зьнікаюць. Іх ніколі не было. Беспачатная дасканаласьць.
Вось чаму Саторы суправаджаецца сьмехам
і дзэнавы майстар у гневе разьдзірае сутры на шматкі.

Пераклад:
Макс Шчур

чакаю моманту калі
сам верш
стане маім спосабам прамовы, не
загадзя ўрачыстай дэклямацыяй,
а выказваньнем праўды

Пераклад:
Макс Шчур

4 Панюшкі і Мне Ўставіла,
У ложку ў майтках,
у левай руцэ шматок бавоўны,
тыповы дэгенэрат,
прысмак крыві ў роце
прысмак Фатэлю ў Зубнога
музыка, Гучныя Аперджыё Вечнасьці —
сава ў акулярах шрайбае ў
халоднай цемры —