Пакаленьню сямідзясятых

паэзія, вершы, беларуская мова

Таго, што здольны вырабляць Цыклёп...
   Ў. Г. Одэн, “Жнівень 1968-га”

Што ж, вось яна, падзея нашых жыцьцяў,
дзеля якой мы зроджаны бацькамі,
«апошні бой» з «Інтэрнацыяналу»,
які мы так бясконца адкладалі,
што пра яго забыліся памалу
і толькі ў нырках прыхавалі камень,
і вось глядзім аднекуль з-за мяжы ці
з фэйсбуку на забітых на Майдане.

Імпэрыя вяртае ўдар, з разьлікам,
нанесены яшчэ пры нас, пры сьведках.
Вяртае ўласна з самых дзевяностых
палёніем, напалмам, нафтай, газам –
так Гулівэр, усёй малечы пострах,
на нейкі час утаймаваны сеткай,
зноў паўстае, зноў чуецца вялікім,
і топча ўсіх – як ураздроб, так разам.

Ягоная любоў да чалавецтва
абстрактная й ня тычыць маларослых.  
Той нос казыча, іншы лезе ў дупу
бяз мыла – хай гуляюць, ды ня цьвеляць.
Усякія чухонцы, маларосы –
ён іх глыне, як муху ў лыжцы супу!
Хіба ёй адарваць галоўку – зьверства?
Нашто лічыць забітых – гэта ж «челядь».

Шрыфт іхных кніг – ну нейкі надта дробны,
і песьні іх катуюць вушы піскам...
Жыве аднабаковае братэрства!
Што Аляксандру да «брехни Тараса»?
А ліліпуты – шчэ і русафобы,
з акцэнтам дзікім, інтэлектам нізкім,
і множацца па целе, як зараза!
І тайна практыкуюць людажэрства!

...Лепшыя з нас – у гэтай бітве самі.
Астатнія глядзяць алімпіяду
і хаваюць, што насэрвіравана –
у Кіеве ж ваююць не за Прагу,
адно хіба тутэйшаму зладзюгу
трагедыя – нагода для піяру.
Дзе зброяй бразгаюць, дзе – мэдалямі.
На кожным, кроўю: “За разгон Майдана”.

Не, не Майдан – апошні Рым праводзіць
глухую кругавую абарону,
то бок у іхным разуменьні – наступ,
загульвае з вайной, любімай цацкай,
размахвае нагайкаю казацкай,
дрыжыць, як цюцька, за сваю карону
«вора в законе», нафтасмокаў касту,
пра свой разгром фальшуючы аповесьць.

...Ах, сорамна пісаць такія вершы!
Забойствы – ну хіба гэта нагода?
Дзе ж густ мастацкі, ці хоць аб'ектыўнасьць?
У вас казаць за ўсіх – правы якія?
Зірні з акна, шаноўны аднагодак:
навокал, дастаткова вокам кінуць,
ня люты – жнівень, дзевяноста першы,
Парыж і пляц Бастыліі, ня Кіеў.    

19-20.02.2014.

*

Вядома, Кіеў вам ня Грозны
ці нейкі іншы Калін-цар,
яго ў варонкі і барозны
не ператворыш “зь леганца”,

яго бароняць не манголы
ад часу Сіняе Вады – 
сваёй сядзібай арханёлы
такія робяць гарады.

Таму маскоўцам непамысна –
страх не суняць, як ні хлусі: 
там зноў крывавы хрост адбыўся  
найноўшай Кіеўскай Русі.

24.02.2014.

*
Я ўдзячны, рэвалюцыя, за ўсё,
за шанец зноў пажыць у тваім ценю –
насуперак, бадай, свайму хаценьню,
цябе люблю я болей за жыцьцё.

Я ўдзячны, рэвалюцыя, што стол
пісьмовы мне нагадваў піяніна,
хай сьціплаю была мая даніна
табе, што ёсьць гісторыі пластом.

Я шчасны, рэвалюцыя, што жыў,
калі да сьлёз расчульваў твой куродым,
мог сябраваць з агромністым народам,
у ванну легчы й не надрэзаць жыл.

Я ўдзячны, рэвалюцыя, за тых,
каму ты нагадала кошт свабоды,
за тое, што дыханьнем штучным подых
твой аднавіў параненага дых.

26.02.2014.

*

Нашто ж на Зямлі сваркі й звадкі, боль і горыч,
калі ўсе мы разам...

Ляцім да зор. Так. Каб не дагары нагамі.
Дайце мне Крым – і я ўвесь сьвет перакулю!
Давайце згінем назаўжды ў бяздоннай яме,
дзе будзе месца больш расейскаму рублю!

Давайце разам, на халеру паасобку!
Як т(с)ой казаў, умесьце – ведама якім...
Каб ведаў Бог, што сьвет зьмятуць у адну кропку,
то не ствараў бы – ні Зямлю, ні Крым, ні Рым.

7.03.2014.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

А потым дзень, дзень па абедзе
калі прадпісаныя скончыліся дні.
Усе ў сьвяточным,
крыху ўгнуўшы плечы,
наперадзе цаглянай брамаю труну выносяць,
сонца — тлустая нявеста ў белым,
іржа на горцы, быццам залаты абклад.

Пераклад:
Макс Шчур

Найлепшы будда — дрывасек, манахі — рыбакі.
Дзэн у фатэлях дарагіх — толк у такім які?
Дваццаты год жыву з вады, што заядаю ветрам —
сандалі саламяныя, па сьвеце напрасткі.

Пераклад:
Макс Шчур

У часіну свайго нараджэньня яна рассоўвае ногі, не разумеючы сэнсу сваёй позы, прызначанай дарыць сьвятло, зямлю, агонь, паветра, але потым чалавеку рупіць зноў увайсьці ў гэтую клятую похву, пасьля таго як я паспрабавала нарадзіць сябе сама, выцягнуўшы сваю галаву праз сваё ўлоньне (а як што не змагла, то шукаю сьмерці і ўваходу ў сьмярдзючы бярлог схаванай ахоўніцы з функцыяй пахаваньня) я пра похву, пра сьмерць

Пераклад:
Яўген Бяласін, Макс Шчур

Любых рэлігій гіджуся дазваньня,
але выконваць радасна сьпяшу
усе абрады тых веравызнаньняў,
дзе выпіўка залічана ў імшу.