Пра пісьмо і пісьменьнікаў

Пераклад: 
проза, беларуская мова, пераклад

УПЛЫВЫ

Я люблю РАНЬНЯГА Хэмінгўэя, і на мяне, як і на ўсіх нас, так ці іначай паўплывалі Т. С. [Эльят] і Одэн, але ня столькі ў тым, што тычыць зьместу, колькі сваёй яснай і зразумелай дыкцыяй.

(Джону Ўільяму Корынгтану, 14.1.1963)

Я ня думаю, што апавяданьне надта пасунулася наперад з часоў Эндэрсана. Ён сам памёр ужо даўно, але не памёр ягоны спосаб пісьма. Напэўна, Эндэрсан паўплываў на мяне столькі ж, як і Джэфэрс, але па-іншаму – чысьціню, зь якой ён фармуляваў фразу, цяжка пераўзысьці.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 17.3.1963)

Хэмінгўэй, Шэрўуд Эндэрсан, Гертруд Стайн, Сароян – тыя нешматлікія, хто перафармуляваў правілы, асабліва ў пунктуацыі, у пабудове і канцоўцы фразы. І, натуральна, Джэймс Джойс пайшоў яшчэ далей.

(«Пра пісьмо»)

Чатыры сьцяны навучаць пра пісьмо больш, чым любы замазвальнік вушэй, лісьлівы сябар ці іншы хлус. Я не Хэмінгўэй, але нават мне, не-Хэмінгўэю, ніколі не прыходзіла думка напісаць Хэмінгўэю і пра нешта яго пытаць, ці нешта яму апавядаць, што яшчэ горай. А вось думка напісаць сабе самому мне прыходзіла, і я аднойчы ці двойчы, можа нават тройчы сабе пісаў. Я вельмі моцна паўплываў на сябе. Я пісаў сабе ў Філадэльфіі, калі мне зусім не было самотна. У мяне нешта не ў парадку: мне ніколі не бывае самотна. Але можа так здарыцца, што будзе. Я магу атупець. Сьвет здольны задурыць галаву, абдурыць. Пасткі. Пра гэта пісаў мой шаноўны Джэфэрс. Сьцеражыцеся грэбаных пастак... «Яны завабілі ў пастку нават Бога, калі той хадзіў па зямлі». Вельмі неблагія радкі.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 4.1.1964)

ЧЫТАЦЬ АБО НЕ ЧЫТАЦЬ

Каб нешта зразумець, не чытайце Карла Маркса. Вельмі сухая муць. (...) Перадусім, прачытайце Сэліна. Найвялікшага пісьменьніка за апошнія 2000 гадоў. Натуральна, “Чужаніцу” Камю, вам пакаціць. “Злачынства і пакараньне”. “Братоў [Карамазавых]”. Усяго Кафку. Усе творы невядомага пісьменьніка Джона Фантэ. Аповеды Тургенева. Пазьбягайце Фолкнэра, Шэксьпіра і асабліва Джорджа Бэрнарда Шоў, самага разьдзьмутага фантазёра ўсіх часоў, а ў сапраўднасьці – гаўназёра зь неверагоднымі палітычнымі і літаратурнымі сувязямі.

(“Нататкі старога пахабніка”)

СТЫЛЬ І ГЕНІІ

У Стайн было больш стылю, чым генія. Ейны стыль замяняў ёй генія. Яшчэ адным такім быў Фолк[нэр]. Пад горнам стылю, якім ён надурыў амаль усіх, было надзвычай мала агню. Хэм[інгўэй] меў і стыль, і генія ў прыдачу, прынамсі нейкі час, потым пачаў хістацца, загніваць, але ўрэшце паказаў, што ў яго дастаткова і мужнасьці, і стылю. Лоўрэнс быў сэксуальна заклапочаны псіх, які баяўся паставіцца да сьвету тварам, як мужчына, таму глядзеў на яго пад уплывам нэрва- і душазаспакаяльных выбухаў полавых пратэінаў, але ж ён, тым ня менш, напісаў некалькі праніклівых радкоў. Шэрўуд Э[ндэрсан] быў стары пярдун, які пакутаваў бадай што неўдавана, але ён зважаў на стыль і ведаў, што словы трэба высякаць на паперы так, каб іх было відаць, як кроў або карціну. Гэта важна. Гэта і ёсьць карціна. Пісьмо – маляваньне, і чым раней мы гэта ўсьвядомім, тым менш нуднай дрэні будзе запаўняць рынак, і тым менш мне давядзецца напівацца ў гаўно.

(Нілу Чэркоўскаму, 1962)

АВАНГАРДЫСТЫ

Бэраўз, вядома, важны, бо ён не дае засьмечвацца аддушынам. Нам ува ўсе часы патрэбныя Джойсы, Бэраўзы ці Гертруды С., каб пісаць разьняволена і не забываць, што рэальнасьць не заўжды бывае такой, якой здаецца, або якой яе паказваюць масавыя пісакі. Такія людзі каштоўныя нават больш за іхныя творы – пісьменьнікі-ледаколы, накаўцёры паліцыянтаў...  

(Джону і Лоўіс Ўэб, 17.3.1963)

БІТНІКІ

Вось арыгінальныя бітнікі, якімі б ёбнутымі яны ні былі, мелі Ідэю. Але ж іх абышлі з флянгу й засьпелі зьнянацку імітатары, чувакі з акуратна застрыжанымі бародамі, самотнікі ў пошуках дармовага траху, сьветламётчыкі, рыфмаплёты, гомікі, проські, турысты – усе тыя, што забілі і [Грыныч-]Вілідж. Мастацтва ня можа дзейнічаць у Натоўпах. Яму ня месца на вечарынках або ў Інаўгурацыйных Прамовах.

(Джону Ўэбу, 1.10.1962)

ФРАНЦ КАФКА

Кафка, у адрозьненьне ад твайго Генры Джэймса, быў ня проста разумны і назіральны. Кафка быў грэбаным маленькім службоўцам, што жыў грэбаным маленькім жыцьцём і пісаў пра яго, пра яго нерэальнасьць, пра яго вар’яцтва. У адным рамане чувак заходзіць у дом, установу, і аказваецца, што з гледзішча астатніх ён у чымсьці вінаваты, але ён ня ведае, у чым. Ён соваецца з кабінэту ў кабінэт, бясконца, сярод папер і грукату бюракратыі – вось ён, ціхі павольны агонь жывога кашмару звычайнага, шалёнага, задушлівага, бессэнсоўнага штодзённага жыцьця. Бальшыня ягоных кніг у тым жа ключы: цень, нерэальнасьць, бязглузьдзіца. Ёсьць і іншыя тэмы – калі чувак ператвараецца ў мост, а людзі па ім ходзяць. Іншы чувак паступова ператвараецца ў вялізнага прусака (“Пераўтварэньне”), і ягоная сястра яго корміць, пакуль той хаваецца пад ложкам. І г.д. і г.д. Кафка – гэта ўсё. Забудзь Генры Джэймса. Джэймс – гэта лёгкі шоўкавы туман. Кафка – гэта тое, што знаёмае нам усім.  

(Эн Баўман, лістапад 1962)

РОБІНСАН ДЖЭФЭРС

Джэфэрс, калі захацеў, умеў быць выключным. У яго былі доўгія пэрыяды, калі ён зьдзьмуваўся і меў схільнасьць прапаведаваць свае ідэалы, вёрз пра скалы і сокалаў, але калі ён знаходзіў слова... ён знаходзіў яго так, што на ягоным фоне ўсе нашыя сучасьнікі і нядаўнія нябожчыкі выглядалі, прынамсі ў маіх вачах, не такімі ўжо і выбітнымі.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 2.1.1963)

У Джэфэрса мне да спадобы доўгія паэмы, дзе ягоны стыль амаль празаічны, але дзе ўсё – як з цэмэнту, суцэльна шчырае, вельмі рэальнае, усё падстаўляе грудзі лязу нажа. Джэфэрс амаль абагаўляе сваіх бяздумных грубіянаў, якіх супрацьпастаўляе і г.д., што надае ягоным творам адценьне праўды. Ён піша так, што яму верыш, і старонкі ў тваіх руках – як жывыя, ажно ня верыцца, што ўсё гэта напісанае тым жа шрыфтам на той жа друкарцы.

(Джону Ўільяму Корынгтану, 14.1.1963)

Калі я аднойчы навучуся пісаць так добра як Джэфэрс, я пачну шпурляць з вакна яблыкі, што ляжаць на маім стале – хай па мяне прыходзяць.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 4.1.1964)

ЭРНЭСТ ХЭМІНГЎЭЙ

Раньнія вершы Хэмінгўэя падбадзёраць любога маладога (ці старога) пісьменьніка, бо на іхным прыкладзе добра відаць, што амаль зь нічога можа зьявіцца штосьці. Зашпіліць як сьлед гузік або адчыніць дзьверы – проста. Пякельна проста, настолькі проста, што амаль ніхто ня ўмее гэтага рабіць.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 28.7.1963)

ГЕНРЫ МІЛЕР

Калі Генры Мілер напіша на мяне благую рэцэнзію, не бяды. Я таксама аднойчы рэцэнзаваў Генры Мілера. Я быў на маленькай аўтастанцыі пасярод Тэхасу, зь дзяўчынай, якая засоўвала мне ў горла язык, і калі яна пайшла ў прыбіральню, я падышоў да газэтнага шапіку, захінуўшы валасамі твар, і купіў нейкі з «Тропікаў», ня памятаю, каторы, дык вось Генры зразумеў, што адзіны спосаб дагукацца да чалавека – гаварыць ягонай мовай, сучаснай мовай, але я дайшоў да месца, дзе ён апавядае пра чувака зь вялікім чэлесам, і як ён трахаў усіх баб сваім ВЯЛІКІМ ЧЭЛЕСАМ, і г.д. і т.п., і я пачаў засынаць, і што яшчэ горш... што САМАЕ горшае: мне здалося, што ЎСЁВЕД Генры Мілер умеў пра трах толькі гаварыць, як і ўсе тыя, хто ня трахаецца.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 7.12.1963)

КНУТ ГАМСУН

Памятаю, чытаў кніжку гэтага... трасца, аднаго з маіх улюбёных, а не магу згадаць імя... а, Кнута Гамсуна, кніжку пра вар'ятню і аднаго пацыента, яго звалі Самагубца, ён толькі і казаў пра самагубства, ну ўяўляеш, а калі аднойчы ў будынку пачаўся пажар – то хто памалу, асьцярожна, як сьлімак, зьлез уніз па гарачай вадасьцёчнай трубе? Натуральна, С.

(Эн Баўман, 2.1.1964)

Ты чытаў калі раманы Кнута Гамсуна? Збольшага ён перажыў усё гэта сам, дыхаў гэтым, адчуваў скурай і вантробамі. Ён пісаў са спачуваньнем да прасьцяка. Занадта многія пісьменьнікі яго адрынаюць. У Хэмінгўэя быў стыль, была яснасьць, але ён пісаў усё горш і горш... Стыль добрая штука, калі трэба сказаць тое, што трэба, але калі больш няма чаго сказаць, стыль робіцца абвіслым чэлесам перад чароўнай похвай сусьвету. Гамсуну заўжды было што сказаць, таму што Гамсун (відавочна) ніколі не перастаў жыць.

(Дагласу Блэйзэку, люты-сакавік 1965)

АЛЬБЭР КАМЮ

Перачытаў аднаго вечара «Чужаніцу» Камю, і зноў мне здалося, што гэта цудоўны сродак супраць усяго таго, што мяне глыбока не задавальняе ў разьвязцы «Злачынства і пакараньня». Як добра, калі іншыя робяць нашую працу за нас, пазбаўляючы нас абавязку рабіць яе самім.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 11.3.1964)

Калі Камю пачаў выступаць з прамовамі перад акадэмікамі, ягонае пісьмо памерла. Ён пачынаў як пісьменьнік, а ня як прамоўца, і забіла яго зусім не аўтамабільная аварыя.

(“Нататкі старога пахабніка”)

ЭЗРА ПАЎНД

«Кантас» – добрае чытво, інэрцыя і валоданьне зловам (правапіс мой) нясе твор далей нават цераз тонкія месцы, але ж я ні разу ня здолеў прачытаць гэтую хрэнь цалкам або запамятаць, што прачытаў – аднак менавіта з гэтай прычыны «Кантас» бадай і застануцца: як недасьледаваны калодзеж, дапаўнДа завалены друзам.  

(Джоры Шэрману, красавік 1960)

ЧАРЛЗ БУКОЎСКІ

Я... стары чувак, які сядзіць на канапе ці краі крэсла і ніколі ня ведае, што сказаць, а астатнія ўвесь час думаюць – няўжо гэта ён напісаў столькі вершаў? Ня можа быць! Людзі забываюць, што вершы – пішуцца, а не гаворацца.

(Джоры Шэрману, 9.7.1960)

«Паэт Чарлз Букоўскі». Часам усё нагадвае сон, і я сам ня ведаю, хто такі гэты Букоўскі. Часам здаецца, што з ачка зараз выйдзе мужык і скажа: «Дай закурыць, чувак, я Чарлз Букоўскі».

(Джону і Лоўіс Ўэб, 3.6.1963)

У мяне нічога новага. Новая жыхарка зьнізу грукае ў столь (у маю падлогу), калі я пішу на друкарцы. Натуральна, гэта пасылае ў пекла ўсе ідэі разам з кантэкстам. Яна што, ня ведае, што я вялікі Чарлз Букоўскі? Сука!!

(Эн Баўман, 23.1.1964)

АРЫГІНАЛЬНАСЬЦЬ

Ідэя для літаратурнага часопісу: «Туалетны лісток»... Я б друкаваў яго на рулёнах туалетнай паперы (наш дэвіз гучаў бы «Нам не насраць!»), падклаўшы некалькі капірак, а потым наклейваў бы рулёны на звычайную паперу і на вокладцы кожнага асобніка рабіў арыгінальны малюнак.

(«Пра пісьмо»)

АНГАЖАВАНАЯ ЛІТАРАТУРА

Пісьменьнік, які выходзіць на вуліцы, дазваляе, каб усякія ідыёты бралі ягоную душу ў рот замест чэлеса. Пісаць можна толькі ў адным месцы – АДНАМУ перад друкаркай. Калі пісьменьнік мае патрэбу выходзіць на вуліцы, значыць, ён ня ведае вуліц.

(“Нататкі старога пахабніка”)

ПРА КАНКУРЭНТАЎ

Хай выйграюць у сваіх балбатлівых гульнях; калі я буду мець што сказаць, то я, спадзяюся, здолею надрапаць гэта на камяні відэльцам.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 19.10.1963)

Калі я пачынаю сумнявацца ў сваёй здольнасьці працаваць са словам, я проста бяру і чытаю якога-небудзь іншага пісьменьніка, пасьля чаго бачу, што мне няма чаго турбавацца. Мой адзіны канкурэнт я сам, я кідаю сабе выклік пісаць як трэба, моцна, зь сілай, асалодай і азартам.

(«Пра пісьмо»)

Нямногія пісьменьнікі любяць чужыя творы. Яны любяць іх толькі ў выпадку, калі іхныя аўтары альбо памерлі, альбо памерлі вельмі даўно. Пісьменьнікі любяць нюхаць толькі ўласнае лайно. Я адзін з такіх. Мне не падабаецца нават гаварыць зь пісьменьнікамі, глядзець на іх, ці яшчэ горай, слухаць іх. І найгоршае – гэта зь імі піць, тады яны пускаюць соплі, іхны выгляд варты жалю, яны нібы просяць, каб матуля ўзяла іх пад крыло. Я лепш буду думаць пра сьмерць, чым пра іншых аўтараў. Гэта нашмат прыемней.

(«Капітан на абедзе, карабель захапілі матросы»)  

Пісьмо падобнае да сэксу, як сабе яго ўяўляе бальшыня пісьменьнікаў: як толькі яны пачынаюць думаць, якія ж яны клёвыя ё...ары, у іх тут жа перастае стаяць.

(«Пра пісьмо»)
    
ПАЭТЫЧНЫЯ ЧЫТАНЬНІ

Я б раіў табе пазьбягаць гэтых паэтычных фэстываляў і г.д., бо яны – гэта толькі плавільны кацёл забракаваных талентаў, буржуазны клюб знаёмстваў для людзей з друкаркамі.

(Эн Баўман, 21.5.1962)

Адна ўстанова ў Фрыска хоча, каб я ў лютым там чытаў, прапануе мне дзьве траціны збору, але я не ўяўляю сябе на сцэне перад аўдыторыяй мацёрых цынічных гіенаў, самотнікаў і гомікаў. Да часу. Калі б я галадаў, то ўявіў бы. Але я пакуль не галадаю.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 19.10.1963)

Некаторыя мае сябры пытаюцца: «Букоўскі, можа, выступіш зь вершамі на публіцы?», і калі я адказваю «не», яны папросту ня могуць зразумець, чаму.

(“Нататкі старога пахабніка”)

ТУСОЎКІ

Я згодны, што паэзію, як і жыцьцё, можна прабалбатаць, і я больш карысьці атрымліваю ад кантактаў зь людзьмі (калі ўжо без кантактаў нельга), якія ніколі ня чулі пра Дылана Томаса, Шэксьпіра, Пруста, Баха, Пікаса, Рэмбрандта, колерную гаму і ўсё такое. 

(«Пра пісьмо»)

ГРАНТЫ

Унівэрсітэт адшпіліў Корынгтану касяк (1000 $), каб ён мог ляжаць і пісаць замест таго, каб выкладаць на летняй школе. Што ж, я ня супраць, калі ён здольны гэта адпрацаваць. Таксама, па-мойму, яму далі аванс пад раман, 2,500 $. Цяпер ён падумвае зьехаць у Эўропу. Усе яны езьдзяць у Эўропу. Пачынаюць лётаць па сьвеце. (Гл. Гінзбэрг, Корсоў, Бэраўз і г.д.) Я ня ведаю, што ў гэтым такога, але я тут хутчэй на баку Фолкнэра, які, маць яго, дапёр, што ў яго за парогам таксама дзеецца больш чым дастаткова. Гэтая пагоня за культурай надта ж нагадвае набыцьцё кадылаку ці чагосьці падобнага.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 24.6.1963)

ПОСЬПЕХ

Натуральна, гэта было штосьці, прачытаць, што Жэнэ ўпадабаў «Мёртвага старога ў пакоі» больш за астатнія вершы ў першым нумары часопісу, а іх у нумары было шмат. І ў мяне заўжды бегаюць па целе грэшныя мурашкі, калі я думаю пра розьніцу моваў. Уявіце, сядзіць француз у пакоі і чытае Жэнэ «Старога» па-французску, вакол сьцены, крэслы, а я тым часам сплю або раблю стаўку на каня. Жыцьцё дзіўнае і дзікае, поўнае цудаў ня менш чым жахаў.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 17.3.1963)

Калі твор пісьменьніка апублікавалі і прадалося шмат, вельмі шмат асобнікаў кнігі, пісьменьнік думае: «Я вялікі». Калі твор пісьменьніка апублікавалі і прадалося ня надта шмат асобнікаў, пісьменьнік думае: «Я вялікі». Калі твор пісьменьніка апублікавалі і прадалося зусім мала асобнікаў, пісьменьнік думае: «Я вялікі». Калі твор пісьменьніка не апублікавалі і ён не знайшоў грошай, каб апублікаваць яго самастойна, пісьменьнік думае: «Я рэальна вялікі». Праўда, аднак, такая, што велічы ў гэтым усім вельмі няшмат. Яна амаль няісная, нябачная. Але будзьце пэўныя, што найгоршыя пісьменьнікі найбольш упэўненыя ў сабе і амаль ніколі ў сабе не сумняюцца. 

(«Пра пісьмо»)

РАМАН

Пішы раман толькі ў тым выпадку, калі адчуваеш пры гэтым такі боль, нібы сярэш гарачым. Ты сам пазнаеш, калі надыдзе такі стан; мяне гэта яшчэ не напаткала, але можа напаткаць цябе. 

(Нілу Чэркоўскаму, 20.9.1963)

Я дакладна не пайду на раман, не ў цяперашнім стане, раман, мне здаецца, гэта ПРАЦА і больш нічога, грандыёзны намер нагаварыць пустаты, а вось задача вершаў, хай добрых ці кепскіх, у тым, па-мойму, каб утрымаць мяне ад яшчэ большага шаленства.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 11.3.1964)

ПАЭТЫКА

Мне здаецца, што многія нашыя паэты, прынамсі тыя зь іх, хто ня хлусіць, прызналіся б, што не прытрымліваюцца ніякіх маніфэстаў. Гэта балючае прызнаньне, але мастацтва паэзіі захоўвае свае сілы без усякай патрэбы расьцякацца на іхны конт у нейкіх доўгіх пераліках. Я ня маю на ўвазе, што паэзія павінна быць вульгарным і безадказным паяцам, які кідае словы ў пустату. Але само адчуваньне ад добрага верша і дае яму права на існаваньне... Мастацтва і ёсьць сваёй уласнай падставай, і гэта або мастацтва, або не мастацтва. Або перад табою верш, або абы-што.

(«Пра пісьмо»)

Амаль уся паэзія, ранейшая і сучасная, нічога ня вартая, бо яна пісалася сумысьля, з прышчурам і аплёмбам – ня так, як апрацоўваюць камень, ядуць добры сэндўіч або п'юць добры трунак, а хутчэй так, як кажуць: «Глядзіце, я напісаў верш... вось вам мой ВЕРШ!»

(«Пра пісьмо»)

Я не шарую да бляску залатую статуэтку паэтыкі і нават не спрабую гэтага рабіць, бо лічу, што паэтыка ў прынцыпе стаіць па-за жыцьцём – недарэчная, як ажурныя пальчаткі на руках качагара. З другога боку, я ня веру, што трэба быць жорсткім таму, што само жыцьцё жорсткае. Я люблю сонейка, піва, цыгарэты і калі-некалі бабу, як любы матадор ці абітурыент, але ў жыцьці яшчэ застаецца месца для добрай сымфоніі 18-19 стагодзьдзя, або для агіды і смутку над катом, размазаным коламі па асфальце. У жыцьці ёсьць месца для шмат чаго, і я аднойчы спрабаваў упарадкаваць гэтае «шмат чаго» РАЦЫЯНАЛЬНА, чытаючы Плятона, Шапэ[нгаўэра], Ф[рыдрыха] Н[іцшэ], Гегеля, усю іхную банду, але адкрыў толькі, што яны б'юцца з вадою і губляюцца ў ёй, і па меры таго, як я сам у іх губляўся, я пачаў думаць, што гэтак жа мог бы сядзець у танным бары і слухаць яшчэ не напісаную балбатню.

(Джону Ўільяму Корынгтану, чэрвень 1963)

ЯК РАБІЦЬ ВЕРШЫ

Паводле колькасьці адмоў, якія я атрымліваю, складаецца адчуваньне, што тое, што я пішу - зусім не паэзія. Ці, як сказаў мне надоечы адзін добры сябар: «Ты не разумееш сапраўднага сэнсу паэзіі. Ты ня лірык. Ты не сьпяваеш! Ты пішаш так, як гавораць у барах. Тое, што ты пішаш, можна штодня падслухаць у любым бары». Я заўжды належаў да людзей, што ўсё робяць ня так. Гэта ў прынцыпе таму, што я ня ўдзельнічаю ў парадзе.

(Джону Ўэбу, 1.10.1962 – ліст, дасланы для публікацыі ў якасьці падзякі за прэмію «Аўтсайдэр году»)

Наконт рэцэнзіі: я не лічу сябе «жорсткім», і калі мая паэзія такой выглядае, то толькі таму, што людзі прывыклі да іншага зьместу й іншага стылю. Больш за ўсё я стомлены, і калі я адмаўляюся ўзбуджацца з нагоды таго, што сонца ўзышло або закрасавалі півоні, яны лічаць, што я жорсткі.

(Джону і Лоўіс Ўэб, 5.2.1964)

Я не працаваў над сваімі вершамі засяроджана і сьвядома, а хутчэй спадзяваўся на халяву і на тое, што словы неяк самі складуцца, усьляпую, меў такую больш разьняволеную ўяву – з надзеяй адшукаць навейшы і жывейшы шлях. (...) Я не магу ПРАЦАВАЦЬ над вершам. Надта шмат паэтаў надта сумленна працуюць, а калі іхныя творы выходзяць друкам, то кажуць... вось, зірні, дзядзька, зірні на гэты ВЕРШ. Я б нават сказаў, што верш НЕ ПАВІНЕН быць вершам, а хутчэй згусткам нечага, што вылезла патрэбным бокам. Я ня веру ў тэхніку ані ў школы.

(«Пра пісьмо»)

СЭНС ЛІТАРАТУРЫ

Няма нічога больш магічнага і прыгожага, чым радкі, што паступова выстройваюцца ўпоперак аркуша паперы. Вось і ўсё. І так заўжды было. Няма іншай узнагароды, апроч самога працэсу. Усё, што прыходзіць пазьней – другараднае, калі ня трэцяраднае.  

(«Пра пісьмо»)

Калі ты кінуў сваю друкарку – ты кінуў свой кулямёт, і ў хату цяпер паваляць пацукі.

(“Нататкі старога пахабніка”)

Ён спытаўся ў мяне, «Як стаць пісьменьнікам?» «Ну,» кажу, «усё проста. Трэба або нешта пісаць, або скочыць з моста».

(«Пра пісьмо»)

ЛОЎРЭНС ФЭРЛІНГЕЦІ

Спадзяюся, што гэта сёе-тое праясьніла і што я цябе ня надта зафэрлінгеціў.

(Джону Ўільяму Корынгтану, 14.1.1963)

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Я не хацеў, каб мяне будзіў нейкі чувак з горнам. Не хацеў спаць у казарме разам з кодлай здаровых апантаных сэксам і футболам адкормленых дасьціпных задрочаных мілых запалоханых расчырванелых бздлівых мамчыных сьціплых баскетбалістых амэрыканскіх хлопчыкаў, зь якімі мне давялося б паводзіцца па-сяброўску, бухаць на пабыўцы, ляжаць на сьпіне побач і выслухваць тузіны нясьмешных, плоскіх, пахабных анэкдотаў.

Пераклад:
Макс Шчур

Гэтак ён сядзеў там і ў думках прагаворваў адну малітву за другой, ды так хутка, як мільгае вагон за вагонам, калі едзе цягнік.

Пераклад:
Макс Шчур

Раптам з ваннай выйшаў нейкі чувак. Ён быў незнаёмы, да таго ж чысьціў зубы. У мэтах самаабароны Лявон інстынктыўна адарваў ад сьценкі батарэю і раз’ябошыў яе аб чувака. Той з апошніх сіл закрычаў: «Яшчэ! Яшчэ!»

Пераклад:
Макс Шчур

У сапраўднасьці ворагаў няма. Праблема менавіта ў гэтым: у гэтай гісторыі няма ворагаў: у Вэронікі няма ворагаў, у Фэрнандо няма ворагаў, ані ў Даньелі, калі не лічыць таго хлопчыка, які ў жыцьці апроч грымасаў больш нічога ня робіць.