Упырхлікі

проза, беларуская мова

або
Праўдзівае апісаньне капіталізму
ў адной асобна ўзятай краіне Захаду,
складзенае ад няма чаго рабіць
рабом Божым Андрусём Макатоўшам,
блудным сынам і ўнукам, пляменьнікам Базылёвым,
беларусцам з-пад Наваградка,
валацугам і прайдзісьветам 

з прадмоваю Габруся Калоды
й пасьлямоваю ды заўвагамі Макса Шчура

Частка другая

(урывак)

4.

Ізьвяла мяне кручына,
Падкалодная зьмяя.
Як зьдзесь жыць без какаіна?
Восем дзевак, адзін я.
Частушка 

Да станоўчых якасьцяў Габруся належала тая, што ў яго з раніцы ніколі не бывала бадуна, колькі б ён папярэдняга дня ні выпіў. Прынамсі, фізычна ён быў заўжды поўны сіл, і галава ў яго не балела, а наадварот, працавала нават лепей, чым звычайна. Ягоныя думкі ў такім стане былі цалкам сьветлыя й цьвярозыя, і адзінай прыкметай, паводле якой можна было ўгадаць, што ён рабіў увечары, была тая, што ён прамаўляў іх уголас, мераючы сваімі даўжэзнымі крокамі нашыя сквоцкія апартамэнты: “Не, ну калі я ўжо памру? Ну што гэта за жыцьцё? Тулімся тут у нейкім падзямельлі, як пацукі! І ніякага выйсьця, ніякага! Можа, мне сябе забіць? Га, Андрусь? Вось толькі б дзетак яшчэ пабачыць... І бацькоў... А дзетачкі ж вы мае родныя! А на каго ж я вас пакінуў! На вашую матку, курву гэтую, ёб вашу маць! Навошта я вас зь ёю наагул вырабіў!” “Габрусь, слухай: калі ты хочаш сябе забіць – калі ласка, толькі не замінай жыць іншым. Або спачатку выпусьці мяне адсюль, або здымі й памый шкарпэткі”. “Бач, які ты недалікатны... А, дык ты ўжо прачнуўся?! То ўставай, нехран тут валяцца! На тым сьвеце адпачнеш! Хадзем у горад працу шукаць!”

Калі ў Габрусю з бадуна, як бачыце, прачыналася сумленьне, мы сапраўды выпраўляліся ў горад шукаць працу. Мне доўга не ўдавалася адгаварыць Габруся ад заняткаў мастацтвам, пад прыкрыцьцём якіх ён набываў за мае апошнія грошы сьвежыя порначасопісы (“Гэта каб акты маляваць – анатомію ж ведаць трэба”, тлумачыў Габрусь), бо яго было літаральна хлебам не кармі, пакажы толькі цыцачкі і жопку – і ён вам іх адразу намалюе. Наагул, цыцачкі й жопкі былі адзіным, што ратавала яго ад посталькагольных самагубчых фантазій – зрэшты, таму я іх яму й купляў, бо іначай вытрымаць у ягоным таварыстве ня мог. Думаю, сапраўднаю Габрусёваю марай было нават не рэалізавацца як мастак, а стаць заснавальнікам беларускага “Плэйбою”.

Па дарозе ў горад маёй звычкай і надалей было інтэрвіюяваць Габруся на прадмет ягонай разнабаковай асобы, што той Чырвоны Каптурок: “Слухай, Габрусь – а што ў цябе за такое прозьвішча, Калода? Я такога ніколі ня чуў”. “Нармальнае прозьвішча”. “Ну а якога хоць паходжаньня?” “Італьянскага”. “Жартуеш!” “Анягож. Гэта быў такі мужык, які Бураціна прыдумаў – ведаеш?” “Талстой?” “Сам ты Талстой! Гэты, як яго... Як там было ў клясыка... Сядзіць мядзьведзь на калодзе... Калодзі! Анархіст, між іншым – а ты зноў ня ведаеш...” “Ну добра, а адкуль у цябе такое імя – Габрусь?” “Як адкуль? Бацькі так запісалі”. “Такога ж імя ў Беларусі няма...” “Шмат ты ведаеш! У нас у раду ўсе Габрусі. Нават бабы, толькі ў іх націск іншы”. “ГабрУсі? То можа, гэта ад Габрыэля?” “Можа, і ад Габрыэля”. “Але ж Габрыэль – гэта каталіцкае імя”. “Не каталіцкае, а італьянскае”.  “Ну а я пра што. Маглі ж назваць цябе па-людзку, там, Гаўрылам, або Гаўрошам...” “Слухай, што ты да майго імя даябаўся? Думаеш, ты за маіх бацькоў разумнейшы? Ты спачатку інстытут скончы”.          

Працы для нас з Габрусём у горадзе было, трэба сказаць, небагата, і ўся яна збольшага была ўжо разабраная. Бальшыня нашых знаёмых і незнаёмых беларусаў працавала на раздачы ўлётак, бо вулічны гандаль усякімі сувэнірамі й іншым гломаздам на той момант ужо забаранілі. Лепшых улётчыкаў за беларусаў знайсьці было цяжка. Рэч у тым, што для шараговага беларускага апазыцыянэра распаўсюд улётак быў дзённым хлебам ужо на Бацькаўшчыне, таму прывыкаць да яго было ня трэба – адзіна што тут, у эміграцыі, зьмест улётак зьмяніўся з палітычнай прапаганды на эканамічную: замест удзелу ў мітынгу на плошчы Бангалор улёткі заклікалі ў якую-небудзь рэстарацыю, музэй камуністычных катаваньняў, публічны дом, на параплаў ці ў касьцёл – натуральна, крый бог, не маліцца, а слухаць арганны музон. Праца ўлётчыка палягала ў тым, каб стаяць цэлы дзень на адным месцы пасярод гораду пад палкім сонцам бабінага лета, часам яшчэ ў якім-небудзь ідыёцкім і сьпякотным карнавальным касьцюме, і рэзка варочацца ў розныя бакі, бы той настольны хакеіст, прапануючы мінакам друкаваную прадукцыю свайго працадаўцы. Фактычна, паводле стосу нікому не патрэбных улётак у руках мы з Габрусём беспамылкова пазнавалі сваіх суайчыньнікаў і абыходзілі іх за сто мэтраў. “Я лепш буду ў бары ананасную ваду разносіць, чым рабіць тое, што ўсе”, казаў Габрусь.

У брыгаду гопнікаў пад кіраўніцтвам нашага знаёмага земляка нас таксама не ўзялі – з той жа прычыны, што й мяне не ўзялі калісьці на вайсковую катэдру, а менавіта праз даўгія валасы, што для такой потнай працы пасуюць толькі ў амэрыканскім кіно: я занадта даражыў імі як анархіст, а Габрусь – перадусім як олдавы мэталіст. Толькі аднойчы Габрусёў хаер, касуха й завушніца дапамаглі яму знайсьці працу ў масоўцы на здымках аднаго рэклямнага кліпу, дзе ў галоўнай ролі выступаў нейкі фіктыўны рок-гурт. Я пайшоў зь ім тады за кампанію і вельмі пра гэта пашкадаваў: тыя капейкі, што нам заплацілі, былі ня вартыя таго, каб цэлы дзень з раніцы да ночы прастаяць і праскакаць на нагах пад адзін і той жа матыў, які доўжыўся ня болей хвіліны, затое прагучаў на працягу дня разоў васямсот, адпаведна колькасьці зьнятых дубляў. Габрусь дык наадварот быў на сёмым небе ад шчасьця: “Ну дзе ты яшчэ і грошай заробіш, і на бясплатным канцэрце па-нармальнаму адарвесься? Эўропа...” У ролі аднаго зь дзьвюх тысяч фанатаў ён быў беспадобны: скакаў, як вар’ят, круціў і трос галавой, размахваў над ёю рукой з двухпальцавым знакам мЕталу (гэтак ён называў свой любімы стыль) і наагул добра бавіў час. “Клясна сыгралі хлапцы! Як, дарэчы, гэты гурт называецца?”, спрабаваў ён удакладніць у мяне пасьля “канцэрту”. “Бо нешта я яго ня ведаю...” “Габрусь, такога гурта няма, таму ён ніяк не называецца. І нічога яны ня йгралі – гэта была фанера”. “Ды якая фанера! Зь іх жа пот цёк! Я сам бачыў!”

Пад Габрусёвым уплывам я і сам (а што, чым я горшы) паспрабаваў зарабляць сваім танцавальным мастацтвам на вуліцы – пасьля таго, як Габрусь невядома адкуль прывалок на сквот беспрытульнага рускага балалайшчыка. “Ты звар’яцеў, рускіх сюды цягаць?”, пратэставаў я спачатку. “Нам жа самім, эўрапейцам, тут месца мала!” “Затое весялей будзе”, сказаў на гэта балалайшчык, які ўсё гэта чуў, бо стаяў побач. На шчасьце, ён сапраўды быў мужык вясёлы й да таго ж невялікі памерам – з Дыназаўра. Каб аддзячыць нам за нашую гасьціннасьць, ён пагадзіўся быць маім акампаніятарам, а я – ягоным ручным мядзьведзем-танцуном. Зарабілі мы на гэтым дуэце, праўда, няшмат, а ўсё таму, што балалайшчык нечувана фальшывіў, як на балалайцы, так і голасам (ну гэта ж дадумацца, гарлаць пад мае шляхетныя беларускія танцы прымітыўныя расейскія частушкі), і ўрэшце я быў вымушаны зрабіць усё, каб зжыць яго са сквоту разам з балалайкай. Габрусь, наадварот, яшчэ доўга па балалайшчыку сумаваў, бо не было каму й на чым граць яму перад сном “Дзіпёрпал”.

5.

The working class hero is something to be.
Ленан

Сваё адмоўнае стаўленьне да расейскіх прыхадняў я зьмяніў толькі пасьля таго, як на сквоце зьявілася маё новае захапленьне – сібірачка і анархістка Даша, у якую я адразу ж закахаўся, бо дагэтуль дзевак, а такіх баявых пагатоў, на сквоце не было. У Дашы было штосьці такое ад маленькай разбойніцы, што мне ў ёй адразу заімпанавала – сама яна сьціпла казала, быццам яна ўсяго толькі фэміністка.

У адрозьненьне ад мяне, Даша прыехала ў Чэхію не прасіць палітычнага прытулку, а з асаблівай місіяй нашмат большага сэнсу: экспрапрыяваць экспрапрыятараў на карысьць рэвалюцыйных масаў. Прасьцей кажучы, Даша навучыла ўсіх жыхароў сквоту, і нас з Габрусём у тым ліку, зарабляць сабе на жыцьцё крадзяжамі. Аказалася, што гэта зусім проста: вы заходзіце ў краму, купляеце за апошнія кроны якую-небудзь жуйку, а на ўсю астатнюю суму, абмежаваную толькі аб’ёмам вашых нутраных кішэняў і вуглом знаходжаньня камэры назіраньня, набіраеце самае дарагое бухалава, закусон, гігіенічныя пракладкі й порначасопісы, каму што бліжэй. Я з замілаваньнем сачыў за грацыёзнымі рухамі Дашынага цела – яна плыла між стэляжамі супэрмаркетаў, як лябёдушка – і ейных спрактыкаваных рук, якія ў жыцьці яшчэ не пазналі працы. Як у той казцы: махне адным рукавом – сьпізьдзіць бохан хлеба, махне другім – палку каўбасы. Паспрабуйце не закахацца ў такую дзяўчыну! Канец канцоў, мне ўдалося дамагчыся ад яе ўзаемнасьці ў той дзень, калі яна накурылася травы да страты памяці й раўнавагі, і я быў вымушаны несьці яе да матрацу на руках. Там я напоўніцу паказаў ёй, што значыць палымянае сэрца беларускага анархіста – на жаль, раніцай яна пра нашую блізкасьць ужо ня памятала, бо фэміністкі такім дробнабуржуйскім заняткам як сэкс не прыдаюць асаблівага значэньня. Тым ня менш, нашае каханьне вызваліла мяне ад неабходнасьці жыць у адным пакоі з Габрусём, бо я тут жа скарыстаўся нагодай, каб пераехаць з-пад зямлі да Дашы, а тая жыла на сквоце ўва ўмовах каралевы, параўнальнымі толькі з прывілеяванымі ўмовамі пчалінай маткі ў вулеі – магчыма, пярэбары й былі сапраўднай прычынай майго бясконцага асабістага шчасьця.  

Для Габруся, наадварот, той тыдзень безь мяне быў, паводле ягоных словаў, найчарнейшым ува ўсім папярэднім жыцьці. Застаўшыся адзін, без суайчыньніка й без балалайшчыка, ён зусім ня ведаў, куды сябе дзець. Каб чымсьці заняць свае даўгія, як у арангутанга, рукі, – лішні доказ таго, што ягоныя продкі сталі на ўласныя ногі й людзьмі звацца ня так і даўно, – ён пачаў шукаць на сквоце скарб, бо быў перакананы, што ў такой старой і такой прыгожай панскай хаце як нашая віла яго ня можа ня быць. Інтуіцыя падказвала яму, што калі на сквоце закапаны скарб, то лепшага месца за наш падземны пакойчык для яго прыдумаць не маглі. Такім чынам, пакуль мы з Дашаю наверсе сьвяткавалі мядовы месяц і спусташалі вакольныя крамы, волат-Габрусь здолеў падняць столь нашай былой падземнай каморкі на якія паўмэтра і ўпершыню выпрастацца ў ёй у поўны рост. Скарбу, праўда, ён так і не знайшоў, затое знайшоў шкілет – ці то дзіцячы, ці то кацячы – які з належнымі ўрачыстасьцямі перазахаваў з другога боку дзьвярэй. Пасьля пахаваньня мы з Дашаю пагадзіліся пайсьці памянуць беднае невядомае стварэньне ў паблізную піўную, дзе Габрусь пад канец напрасіўся-такі да маёй каханай разбойніцы ў вучні. Зь першай нашай супольнай ходкі ён не прынёс нічога, затое з другой – прыцягнуў на сквот цэлага марожанага індыка. Анархісты ўступіліся за птушку й забаранілі нам гатаваць яе ў блізкасьці сквоту – што ж, тады мы ўтраіх з Дашаю, якая ня мела ўсякіх талстоўска-дастаеўскіх забабонаў, выправіліся на пікнік на нейкую скалу па-над рэчкай, разьвялі там вогнішча, трушчылі як не ў сябе індыка й пазіралі з вышыні на агні вечаровага гораду. Упершыню ад свайго дэзэртырства зь лягера я не шкадаваў, што трапіў у гэтую краіну.

Назаўтра на сквот прыехала яшчэ адна група прафэсійных экспрапрыятараў, гэтым разам ці то з Данецку, ці то зь Днепрапятроўску – тут і пачаліся ўсякія праблемы. У адрозьненьне ад нас, нашыя ўкраінскія браты лічылі, што тыбзьдзіць па супэрмаркетах усяго толькі ежу немэтазгодна, бо гэта не наносіць капіталістычнаму ладу ніякай адчувальнай шкоды – таму самі арыентаваліся перадусім на электратэхніку, фірмовую вопратку й іншыя неядомыя вырабы, якія потым можна будзе добра прадаць на радзіме, дзе ўсё яшчэ, паводле іхных зьвестак, працягваўся галадамор. Я рэзка запратэставаў супраць такога мэркантыльнага падыходу, тым часам як Даша з Габрусём (во дзе ўжо здраднікі) яго падтрымалі. Адным словам, мяне як недальнабачнага аматара з групы захопу непрадуктовых аб’ектаў выключылі – а я й не асабліва ў яе рваўся, бо мая ўцякацкая паперка была мне, шчыра скажу, даражэйшая за змаганьне з капіталізмам. Першы ж рэйд новастворанай інтэрбрыгады прынёс вынікі для мяне неўявенныя: народныя ўмельцы прыцягнулі з сабою музычны цэнтар, турыстычную палатку, некалькі джынсавых касьцюмаў, ня лічачы дробязяў кшталту парфумы “Крыстыян Дыёр” – пра такое мясцовыя чэскія злодзеі мабільных тэлефонаў у трамваях маглі толькі сьніць. Я з зайдрасьцю назіраў за тым, як мае анархісцкія супляменьнікі багацеюць і як Даша праводзіць усё болей часу не са мною, баязьліўцам і адшчапенцам, а з на ўсё гатовым Габрусём, у якога нешта кшталту інстынкта самазахаваньня цалкам адсутнічала – ён меў толькі інстынкт размножаньня. Сам Габрусь вельмі ганарыўся сваёй новаю роляй шухерніка, зрабіў сабе на грудзях татуіроўку “Не забуду маці родную” (натуральна, у беларускай лацініцы) і пачаў лічыць, што яму наагул усё можна. “Прыкіньце”, кажа, “вяртаюся я ўначы са сьвяткаваньня Дня беларускай вайсковай славы...” (Культурныя сувязі з дыяспарай Габрусь і надалей падтрымліваў, ня тое што я.) “А это что за день?”, пытаецца Даша – “Здаецца, аўторак – ды няважна, я не пра тое... Дык вось, стаю я на аўтобусным прыпынку – а мяне ну такая ўжо смага мучае... Бачу, у вітрыне крамы сок – і так мне яго захацелася, не паверыце... А крама ж зачыненая, бо ноч... Ну, я ня вытрымаў – і хуяк па шкле нагою! Тут сыгналізацыя як зараве на ўвесь горад! Я за той сок – і лататы, як вы мяне й навучылі!” Габрусь замоўк, а я заўважыў, што Даша пазірае на яго зь нейкім ажно некрытычным захапленьнем. “І што далей?”, пытаюся. “Усё?” “Ну так, усё”, зьдзівіўся Габрусь. “Я вам проста падзякаваць хацеў, што вы мяне пазбавілі комплексаў – фактычна, жыцьцё ўратавалі. А то б я ад смагі, мабыць, памёр”.

А яшчэ празь некалькі дзён Габрусь проста агаломшыў мяне навіною: “Андрусь, дружа! Каханьне ёсьць! Я сустрэў дзяўчо сваіх мараў!” “Што, зноў тую бляндынку з пэрформансу?” “Ды не, зусім іншую! Яна і чалавек залаты, і, як бы гэта табе сказаць па-навуковаму... адсасаць здораўска ўмее!” “Ага, віншую. А я яе ведаю?” “Ну канечне ведаеш! Гэта ж Даша!” У мяне не было словаў. У Габруся, які й насамрэч, выглядала, пазбавіўся комплексаў, я лепей больш ні пра што не пытаўся, а пайшоў па тлумачэньні да Дашы (у мяне яшчэ заставаўся патаемны спадзеў, што Габрусь, хоць звычайна і быў да вар’яцтва шчыры, на гэты раз прыдумляе). Дашына тлумачэньне гучала ў тым сэнсе, што яна мне ня мэбля й не тавар, каб я прад’яўляў на яе нейкія патрыярхальныя правы, што нашыя характары ў сапраўднасьці несумяшчальныя гэтак жа, як анархізм з манагаміяй, і што ў іх з Габрусём каханьне зь першага погляду. Пасьля гэтай гісторыі я ледзь не вярнуўся ў лягер, але мяне ўгаварылі застацца. Скончылася ўсё толькі тым, што мы з Габрусём ува ўсіх сэнсах памяняліся месцамі: ён перасяліўся да Дашы нагару, а я вярнуўся пад зямлю ў пашыраны (ці хутчэй падніжаны) у выніку раскопак халасьцяцкі пакой, дзе мне бязь іх нейкі час было спакойна і ўтульна, асабліва пад травой. У маёй ідыліі мне заміналі толькі гучныя Дашыны крыкі.

Аднак і іхны мядовы месяц цягнуўся нядоўга. Пасьля таго як украінскія анархісты зьехалі з усім сваім набыткам дамоў на новаскрадзенай машыне, нашая шчасная парачка надумалася паўтарыць іхныя подзьвігі самастойна. Гэтым разам на шухеры нікога не стаяла, бо Габрусь палез у жаночы аддзел выбіраць для Дашы новыя станікі й майткі, дзе і быў злоўлены за гарачую руку. Амаль сынхронна зь ім на крадзяжы мікрахвалёўкі (вось да якіх дэталяў яны з Габрусём плянавалі сумесную будучыню) трапілася і Даша. Ахова супэрмаркету выклікала паліцыю, тая склала пратакол, надзела абаім змагарам з капіталізмам кайданкі й адвезла ў пастарунак, дзе Габрусь да самай раніцы адбываў свой адзіны ў жыцьці тэрмін “за ідэю”. (Ідыёцкая, мушу сказаць, была ідэя – лезьці ў кабінку прымяраць жаночую бялізну.) На наступны дзень, даведаўшыся, што іх зьбіраюцца яшчэ й судзіць, Габрусь тут жа папрасіў у Чэхіі палітычнага прытулку, а ўжо празь некалькі дзён урачыста вярнуўся зь лягеру з новымі, часовымі ўцякацкімі дакумэнтамі – такімі ж, як у мяне. Тым часам бедную Дашу суд пастанавіў дэпартаваць назад у Расею, дзе яна была неўзабаве арыштаваная за спробу замаху на нейкага генэрал-губэрнатара, пасьля чаго ейны сьлед растаў у нетрах роднай Сібіры. Зьвестку пра гэта нам неўзабаве прынёс адзін з чэскіх сквотэраў, які за кампанію з Дашай выдаўся ў Расею і быў за гэта затрыманы: на шчасьце, у ваколіцах турмы гастраляваў чэскі цырк, дырэктару якога перадалі з камэры “маляву”, і цыркачы ўрэшце дамагліся суайчыньнікава вызваленьня. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, за праўдзівасьць каторай я, на жаль, ручацца не магу, бо асабіста пры гэтым ня быў. Дадам толькі, што Габрусь, у адрозьненьне ад мяне, на момант вяртаньня сквотэра пасьпеў пра нашую Дашу ўжо цалкам забыцца.    
  
6.

Панта рэі.
Геракліт

Яшчэ тыдні два нашыя з Габрусём адносіны былі досыць напружаныя й абмяжоўваліся ранішнімі й вечаровымі вітаньнямі, але гэта была хутчэй такая паказуха для чэхаў, бо меркавалася, што на сквоце ўсе мусілі быць добрымі таварышамі ды жыць у згодзе й любові, без усякіх прыватнаўласьніцкіх бзікаў. Цяпер мы зь ім бадзяліся па горадзе паасобку, а сустрэўшыся выпадкова на вуліцы рабілі выгляд, што адзін аднаго не пазнаем. Я нават паспрабаваў завесьці сабе якога-небудзь новага сябра, што з маім выглядам і вымаўленьнем было зусім ня проста, асабліва сярод такой недаверлівай да чужынцаў нацыі, як чэская. Толькі аднойчы мне ўдалося за пазыку ў сто крон (да заўтра) зьблізіцца ў бары з адным былым чэскім вязьнем, цалкам звычайным, а не палітычным, што сядзеў у тым ліку й непадалёк ад нашага лягеру ў мясьцінах, якія паводле іроніі лёсу называюцца “Чэскі рай”.  Але вязень аказаўся яшчэ горшай парцянкай за Габруся, бо калі я назаўтра папрасіў яго вярнуць мне маю сотку, ён напырскаў мне ў вочы балёнчыкам і ўцёк. І гэтак са мною абыходзіліся на кожным кроку, увесь час спрабуючы падмануць: перадусім недаліць піва і недадаць грошай. Апроч беларусаў, са старых знаёмцаў мне колькі разоў шанцавала (калі так можна сказаць) сустракаць у горадзе толькі лягернікаў – аднаго мусульманіна, што цішком папіваў забаронены яму алькаголь, таго рэпера зь Нігерыі, што выгульваў па Карлавым мосьце нейкую тлустую бляндынку, а пад канец і славака Пэтэра, што заехаў у Прагу са мной разьвітацца: ягоны зламысны ёг ува ўзросьце ста пяцідзесяці гадоў урэшце памёр, таму Пэтэр мог цяпер спакойна вярнуцца дадому і стаць зь індуіста індзейцам, пра што марыў яшчэ зь дзяцінства. Напасьледак Пэтэр яшчэ распавёў мне пра лягерныя навіны: у маю адсутнасьць Гаване ўдалося-такі зьехаць да маці ў Джармэнію, Дыназаўр выйшаў замуж за нейкага казачна багатага карузьліка з Ірляндыі, латыш ні з пушчы ні з поля атрымаў палітычны прытулак, армяніна, які аказаўся стукачом, перавялі ў іншы лягер, дзе ён стаў працаваць кухарам у сталоўцы, а малдаванін, што называецца, згарэў на рабоце – быў застрэлены на нейкай дыскатэцы калегамі па бізнэсе. Што стала з Рамэо і Джульетай ды унтэр-афіцэрскай удавой, Пэтэр ня ведаў, але й яны кудысьці зь лягеру зьніклі. Гэтак я ўсьвядоміў, што з надыходам восені сяброў у мяне ў Чэхіі больш не засталося, і што мне няма болей сэнсу вяртацца ня толькі ў Беларусь, але нават у лягер, бо за той час яго ўжо запоўнілі зусім іншыя, чужыя мне людзі. “Не сумуй, Платонаў”, падбадзёрыў мяне Пэтэр, “калі будзе зусім пагана – прыяжджай да нас у Славаччыну, у нас там таксама ўцякацкія лягеры ёсьць”. Я падзякаваў яму за такія гасьцінныя запросіны, але сам, вядома ж, нікуды рыпацца не зьбіраўся, пагатоў ува ўсходнім кірунку.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Я перад табою душу выварочваю, як пакет з-пад кефіра, мыю яго і прасушваю, а ты, смаркач, мне такое гаворыш?

Гэты кіцель прайшоў не адну гістарычную бітву. Бываў ён і ў брудных канавах, і на палянках летніх лясоў, прыпарушаны насеннем кветак. Гэты кіцель любілі жанчыны, да гэтага кіцеля дакраналіся дзеці і на гэтым кіцелі выпускалі апошні свой уздых пратыкнутыя штыком-нажом ворагі.

— Ваня, — паўтарыла Ніна Захараўна тым насцярожлівым голасам, якім будзяць спячых.
Сэрца боўтнулася ў грудзіне, балюча сцялася, і слых напоўніўся густым і аднастайным звонам.

Аднойчы мы моцна паспрачаліся пра тое, у каго даўжэйшы пісюн — у Караткевіча ці ў Быкава. Я набраў Уладзя: той назваў нейкую астранамічную лічбу і адразу ж, зразумеўшы, што мы хораша сядзім, сказаў: «Хлопцы, не разбягайцеся, бяру пляшку і лячу да вас».