Вінцэсь Мудроў

Нарадзіўся ў 1953 годзе ў Полацку. Найноўшыя кнігі прозы: «Багун» (2013, трэцяя прэмія Гедройца-2014), «Албанскае танга» (2016), «Забойца анёла» (2017), «Помнік літары „Ў“» (2018).

Скажу больш: прачытала на вокладцы Ваша прозвішча, і жыццё падзялілася, як у тым кіно, на дзве серыі. Там, у першай серыі, засталіся шэрая нуда, неўладкаваная бытавуха, сваркі, звадкі, нарэшце, выпадковыя любошчы. Але вось на адваротным баку вокладкі, як на зыркім экране, узнік абветраны, як скалы, але такі абаяльны і глыбакадумны твар Чалавека і Творцы, і з таго моманту пачалася другая серыя майго жыцця.

Афрыканец пазяхнуў, шырока разявіўшы дзюбу, і прыслухаўся. Сініцы, што жылі паблізу, не ціўкалі. Паляцелі ласавацца салам. Афрыканец спехам вылез з дупла.

Яна павярнулася спінай да дожджыку і стаяла так, заплюшчыўшы вочы і трымаючы на далонях грудзі — нібыта прапаноўваючы іх свайму адбітку ў люстры, што вісела на сцяне.

Базылю б пачакаць, калі пасудзіна напоўніцца пеністай смакошай, але чакаць не выпадае. Ён торкаецца пад струмень, і малако ліецца на голаў. Кот лыкае смакошу на паўсагнутых лапах, трасучы вушамі, і, толькі выжлукціўшы палову чаропкі, прысядае, абхапіўшы хвастом правы бок.

— На марозе, ды з ветрыкам, заснеш толькі так, — Лёшка Лайзан бярэ першую бітку. — Летась на Вынгапуры рэлейную вышку ставілі. Ну выпілі, вядома, каб сувязь добрай была. Мароз таксама за сорак. Выйшаў я папаліць, і тут жа, стоячы, заснуў. Чую, ляпае хтосьці па твары. Спрабую павекі раздзерці, а яны не раздзіраюцца. І галава як здзервянела.

— Ваня, — паўтарыла Ніна Захараўна тым насцярожлівым голасам, якім будзяць спячых.
Сэрца боўтнулася ў грудзіне, балюча сцялася, і слых напоўніўся густым і аднастайным звонам.