25.03.2019

Сьведкі ЭОЛавы абмяняліся прызамі й любезнасьцямі

Увечары 22-га сакавіка ў менскай Галерэі TUT.BY былі ўрачыста абвешчаныя вынікі прэміі часопіса «ЛітРАЖ» за электронную і онлайн-літаратуру «Празрысты ЭОЛ». Рэдакцыя нашага часопіса сачыла за падзеяй адразу з трох кропак: з самой Галерэі (Уладзімір Глазаў), праскага абкама (Макс Шчур) і кіеўскай піўной (Сяргей Прылуцкі). Выніковая карцінка імпрэзы на перасячэньні гэтых трох пэрспэктыў атрымалася вельмі цікавай.

Яшчэ на самым пачатку спрактыкаваны вядоўца імпрэзы культуроляг і кінакрытык Максім Жбанкоў паспрабаваў, згодна са сваёй звычкай, ператварыць імпрэзу ў міні-кінафэстываль, паказаўшы даволі дзіўную чорна-белую стужку, якую выдаваў за арыгінальную экранізацыю «Энэіды навыварат», зьнятую ў 1910 годзе нашаніўцамі. Балазе, ніхто яму не паверыў, і сп. Жбанкоў быў вымушаны прызнаць, што гэта апокрыф.

Потым скульптар Павал Вайніцкі экспэртна пацьвердзіў публіцы, што «ЭОЛ» сапраўды празрысты, прынамсі што тычыцца прызоў, бо яны зробленыя са шкла, і нагадаў, што найлепей будзе не шпурляць імі ў канкурэнтаў або сяброў Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі: тыя ні ў чым не вінаватыя, гэта ўсё Сакратарыят.

Паводле завядзёнкі, цырымонію суправаджалі дробныя тэхнічныя накладкі і буйныя эпік фэйлы. Першых дзесяць хвілін удзельнікі імпрэзы разважалі пра тое, ці можа празрыстая прэмія быць сапраўднай, а сапраўдная празрыстай. Капэрты не хацелі ні расклейвацца, ні адкрывацца. У гэтым кантэксьце набыла нечакана пагрозьлівы сэнс фраза Ігара Бабкова «Ніхто ня верыў, што прэмія будзе магчымай».

Сярод іншага, цырымонія «ЭОЛаў» пацьвердзіла страшную здагадку аб тым, што красамоўствам нашыя літаратары ў цывільным жыцьці не адрозьніваюцца — а што ўжо казаць пра тых, хто іх замяняў! (Добрая палова ляўрэатаў не змагла трапіць на ўганараваньне або проста праігнорыла івэнт.) Большасьць узнагароджаных абмежавалася словам «Дзякуй» — яшчэ адна прычына, зь якой трансьляцыя прэміі атрымалася даволі кароткай (арганізатары кажуць «дынамічнай»).

Самым гаваркім ляўрэатам аказаўся заснавальнік «Камунікату» Яраслаў Іванюк, які атрымаў спэцыяльны прыз нашай рэдакцыі за ўнёсак у беларускі электраліт. Нядзіва: паводле непацьверджанай інфармацыі, Іванюк, вядомы спартовец-(паў)маратонец, бег на імпрэзу з самога Беластоку, таму было б дзіўна, калі б пасьля перамогі на такой няпростай дыстанцыі ён не дазволіў сабе крыху аддыхацца і сказаць публіцы прынамсі некалькі словаў.

Калі ў ляўрэатаў і зіц-ляўрэатаў былі праблемы з маўленьнем, то ў асобных акадэмікаў (Зміцер Вішнёў) з чытаньнем. Але гэта прынамсі ўскосна сьведчыць пра тое, што вынікаў галасаваньня акадэмікі да самага апошняга імгненьня сапраўды «ў вочы ня бачылі».

Калі б наш часопіс заснаваў яшчэ й прэмію за артыстызм і досьціп, праяўленыя падчас уганараваньня, то за яе безумоўна пазмагаліся б Аляксандр Фядута з кароткім выступам на тэму «Добры крытык — мёртвы крытык», Таццяна Барысік зь лёзунгам «Бабкова ў падручнікі!», Кацярына Барысенка ў вобразе доміны з бізуном і зь міні-пэрформансам «Адсьцябі аўтара», Максім Жбанкоў з монаспэктаклем «У чаканьні Акудо», а таксама Ўладзімір Арлоў зь віктарынай на тэму «Ці чытаеце Вы ў кнігах эпіграфы?» — бязь іхнай творчай ініцыятывы (як і бяз музыкі Цімура Рэйзіса) імпрэза магла ператварыцца ў звычайны афіцыёз.

Калі верыць словам вядоўцы Максіма Жбанкова пра тое, што «Сэнс кожнай прэміі — парушыць парадак», то ў такім разе незразумела, які сэнс мае прэмія «ЛітРАЖа». З самага пачатку ўручэньне «ЭОЛаў» нагадвала клясычны беларускі междусабойчык і не затойвала гэтага: адныя і тыя ж людзі прызы атрымлівалі і неўзабаве пасьля гэтага іх жа ўручалі. Гэтак, не пасьпеў Віктар Жыбуль атрымаць «ЭОЛа» за літаратуразнаўства, як тут жа аддаў яго нейкай дзяўчынцы, якая сьцьвярджала, што яна пляменьніца М. Шчура і рабіла для яго падрадкоўнік «Сьпеву пра мяне» Ўітмэна. Тая ж схема пры канцы была пракручаная яшчэ двойчы, з акадэмікамі ВЛА Ганнай Севярынец (атрымала «ЭОЛа» за адкрыцьцё года) і Зьмітром Бартосікам (атрымаў «ЭОЛа» за найлепшы нон-фікшн).

Што да дзяцей, то яны атрымалі ў той вечар цэлых два «ЭОЛы» — апрача дзяўчынкі (Алівіі Чэркас) «ЭОЛа» аднёс дамоў тату Сымон Касьцюкевіч (вядомы ў фэйсбуку як «К-2»), якога М. Жбанкоў адразу ж назваў «надзеяй беларускай літаратуры». Няма сумневу, што калі б Кастусік Жыбуль не застаўся дома з мамай Верай, і ён атрымаў бы ад шчодрай Акадэміі празрыстага «ЭОЛа».

Ну і ўжо зусім ніякага сумневу ў аб’ектыўнасьці прэміі ў прысутных не засталося пасьля таго, як наш віртуальны часопіс атрымаў пятага «ЭОЛа», гэтым разам як найлепшае літаратурнае вэб-выданьне. Гэтая памылка дорага каштавала прысутным акадэмікам: ім давялося выслухаць ці не бясконцую, ажно чатыроххвілінную (!) відэападзяку ад нашага рэдактара Макса Шчура, які ў той вечар мусіў атрымаць яшчэ аднаго «ЭОЛа» за шматслоўе (вось што робяць зь людзьмі пераклады доўгіх паэм).

У напэўна самай прэстыжнай катэгорыі Прэміі — не, не за онлайн-драматургію, а за найлепшую электронную кнігу прозы! — перамог былы панк Сяргей Календа, што стала сюрпрызам хіба толькі для яго самога, ну і магчыма яшчэ для элітарнага Віктара Марціновіча. Паводле ўласных словаў Календы, гэтая неспадзяванка парушыла ягоны цэлібат што да ўсякіх прэмій, у якім ён сумленна жыў і працаваў доўгія гады, цягам якіх яму было дастаткова прызнаньня ад калег-стылістаў па хаеры. Над адказам на сакрамэнтальнае пытаньне Яна Максімюка «Як жыць далей?» (агучанае з мабільнага тэлефону калегам Яна Валерам Каліноўскім) расчулены Календа яшчэ думае.

Для паўнаты карціны згадаем парачку эпік фэйлаў. Філёзаф Валянцін Акудовіч быў традыцыйна прысутны тым, што яго не было. Тым часам паэта Міхася Скоблы на ўганараваньні проста не было. Ці яны незалежна адзін ад аднаго дасьпелі да рашэньня не прыйсьці на цырымонію, ці пасьпелі пра гэта дамовіцца — невядома. У другім выпадку гэта магло б быць кваліфікаванае як парушэньне строгага Статуту прэміі, які падобныя картэльныя дамовы забараняе.

Таксама не пасьпеў на імпрэзу адзін з заснавальнікаў і ключавых фігур «ЭОЛа» Ільля Сін, які ў той вечар акурат здаваў нумар газэты «Культура» і якому Шчур падзякаваў за гэта ў сваім відэазвароце (як ведаў).

З гасьцей, што пажадалі застацца ў цені, у залі былі заўважаныя паэтка Валянціна Аксак, рэдактарка «Букстэр.бай» Аляксандра Дорская, пісьменьнік Сяргей Дубавец, журналіст Севярын Квяткоўскі, майстар фабулы Максім Клімковіч, выдавец Зьміцер Колас, рэдактарка кнігі-пераможцы Аляксандра Макавік, мама Сымона Касьцюкевіча Марыйка Мартысевіч ды іншыя літаратурныя знакамітасьці.

Агулам можна сказаць, што ў адпаведнасьці з народнай прымаўкай першае ЭОЛятка выйшла шчаняткам. Але шчанятка гэта даволі мілае, сымпатычнае, добра выхаванае, не брахлівае і пакуль не кусачае. Будзем верыць, што да наступнага ўганараваньня яно значна вырасьце!

(Усё, што Вам трэба ведаць пра падзею апроч гэтага артыкулу - ТУТ!)

На здымку: бадхісатва Ігар Бабкоў у ажыўленым дыялёгу з Валянцінам Акудовічам (фота Марыі Радзевіч)